Шматдзетная маці праз палітычны пераслед атрымала крымінальнае пакаранне і адбывала свой тэрмін у калоніі. Пасля вызвалення яе чакаў развод, беспрацоўе і безграшоўе. Яна апынулася ў адчайным становішчы і просіць аб падтрымце.
Кацярыне* крыху больш за 40 гадоў. Яна – шматдзетная маці, якая большасць часу была занятая клопатамі аб дзяцях і сям’і. Удзел у мірных пратэстах і маршах у 2020 годзе прывёў яе да крымінальнага пераследу. На прысуд суда ніяк не паўплывала тое, што яна шматдзетная маці і мае пад апекай малых дзяцей: Кацярыну адправілі ў калонію, дзе яна цалкам адбыла свой тэрмін.
Пасля выхаду на волю лягчэй не стала. Муж не падзяляў яе палітычных поглядаў, і з часам гэта прывяло да канфліктаў, а пазней – да разводу і цяжкага падзелу маёмасці. У пэўны момант яна засталася адна з дзецьмі і без фінансавай апоры. Бацька дзяцей з’ехаў працаваць у іншую краіну і толькі зрэдку выходзіць з імі на сувязь. Уся адказнасць за дзяцей легла на яе плечы.
Аднак на волі з палітычным артыкулам знайсці працу, якая б дазволіла забяспечыць сям’ю, практычна немагчыма. Яна бярэцца за розныя варыянты, але гэтага катастрафічна не хапае. Паступова пачалі назапашвацца даўгі, і спраўляцца з фінансавай нагрузкай становіцца ўсё складаней.
Пасля перажытага ціску ў зняволенні, разлукі з дзецьмі, разводу, а цяпер і матэрыяльных выпрабаванняў, ёй вельмі цяжка псіхалагічна. Пастаянная трывога за будучыню дзяцей і неабходнасць спраўляцца з усім адной моцна вынішчаюць. Дзеці стараюцца падтрымліваць маму – дапамагаюць па доме, імкнуцца быць ашчаднымі і трымацца разам. Кацярыне вельмі балюча, што замест бесклапотнага дзяцінства дзецям прыйшлося заўчасна сутыкнуцца з такімі выпрабаваннямі.
Зараз сям’я Кацярыны жыве вельмі сціпла. Даходаў ледзьве хапае на базавыя патрэбы: ежу, адзенне, аплату камунальных паслуг. Любыя непланаваныя выдаткі становяцца сур’ёзнай праблемай.
Сабраныя сродкі дапамогуць сям’і перажыць бліжэйшыя месяцы, паменьшыць узровень стрэсу і даць дзецям адчуванне стабільнасці. Ваша дапамога – гэта магчымасць для дзяцей больш упэўнена глядзець у будучыню, а для іх маці – крыху выдыхнуць.
*Гэта ананімны збор. У мэтах бяспекі мы змянілі імя гераіні. Выява згенераваная з дапамогай ШІ.
Сума збору
€2800
€1000 – харчаванне на 4 месяцы
€400 – аплата камунальных паслуг і мабільнай сувязі на 4 месяцы
€600 – адзенне і абутак для дзяцей (яны так хутка растуць)
€800 – частковае пакрыццё даўгоў (Кацярына была вымушана пазычаць грошы, калі зусім не было даходу)
