«Займаюся прыбіраннем гарадскіх вуліц. Праца пакуль нестабільная»

Легендаваны збор
Збор вядзецца на атрымальніка ў Беларусі і легендаваны ў мэтах бяспекі.
  • Гісторыя

Беларускі журналіст з’ехаў у Літву праз рызыку крымінальнага пераследу. Зараз ён ня можа знайсці працу па прафесіі і просіць дапамогі, каб аплаціць жыллё, побыт і прадукты.

Андрусю* 52 гады. Больш за 30 гадоў ён працаваў у незалежных беларускіх медыя: быў рэдактарам, журналістам, супрацоўнічаў з рознымі выданнямі, пісаў пра падзеі ў Беларусі і заставаўся ў прафесіі яшчэ з тых часоў, калі незалежная журналістыка ўнутры краіны магла існаваць адкрыта.

Пасля 2020 года ціск на незалежныя медыя і журналістаў рэзка ўзмацніўся. У 2022 годзе Андрусь сам трапіў пад рэпрэсіі. Яго затрымалі, дапытвалі па крымінальнай справе, канфіскавалі тэхніку і забралі дакументы.

«Фармальна я праходзіў па справе як сведка, але мне адразу далі зразумець, што ў любы момант статус можа змяніцца на «абвінавачанага», – дзяліцца беларус. – Як толькі з’явілася магчымасць, я зрабіў новы пашпарт, атрымаў візу і з’ехаў у Літву, каб застацца на волі».

У эміграцыі мужчына працягваў працаваць па спецыяльнасці. Спачатку трымацца ў прафесіі атрымлівалася: супрацоўнічаў з рознымі рэдакцыямі на ганарарнай аснове. Але за апошнія гады фінансавая сітуацыя ў беларускім медыясектары ў эміграцыі пагоршылася. Адны праекты закрыліся, іншыя скарацілі выдаткі і ганарары. Знаходзіць стабільную працу па прафесіі станавілася ўсё складаней.

«Так працягвалася да мінулага года – хаця і з цяжкасцю, але мне ўдавалася трымацца на пражыткавым мінімуме, а потым адмоў стала больш, – наракае журналіст. – Да таго ж рэдакцыі часцей выбіраюць маладзейшых супрацоўнікаў або не гатовыя браць чалавека на пастаянную стаўку».

Вынік – адсутнасць працы і заробкаў, калі нават шматгадовы прафесійны досвед больш не дапамагаў закрываць базавыя патрэбы.

Каб выжыць, Андрусь пачаў шукаць любую працу. Першы варыянт аказаўся няўдалым: абяцалі 50 еўра за дзень, а ў выніку плацілі толькі каля 20 еўра.

«Пасля некалькіх змен працы я ўладкаваўся на прадпрыемства па добраўпарадкаванні Вільні, па сутнасці – займаюся прыбіраннем гарадскіх вуліц. Але праца пакуль нестабільная: працоўных дзён мала, даход нерэгулярны. Аднак я не апускаю рук. Проста праз вымушаны перыяд беспрацоўя ўсе ашчаджэнні скончыліся, і закрыць бягучыя выдаткі проста няма чым».

Мужчына гатовы і далей працаваць не па спецыяльнасці, але яму патрэбны час, каб утрымацца ў Літве, не страціць жыллё і выбрацца з фінансавай ямы.

«Упершыню за шмат гадоў прашу аб падтрымцы, бо сам не ў стане аплаціць неабходны мінімум у выглядзе арэнды жылля і ежы, пакуль цяперашняя праца не пачне прыносіць рэгулярны даход».

*Гэта ананімны збор. Дзеля бяспекі мы змянілі імя героя. Выява згенераваная з дапамогай штучнага інтэлекту (ШІ).

Сума збору
€1950

€1500 — аплата жылля на 3 месяцы
€450 — прадукты

Сабрана:
€ 108 з 1 950