Дапамога з арэндай кватэры палітычнаму ўцекачу на перыяд рэабілітацыі пасля аперацыі

Легендаваны збор
Збор вядзецца на атрымальніка ў Беларусі і легендаваны ў мэтах бяспекі.
  • Гісторыя

Добры дзень!

У Беларусі я працаваў у дзяржаўнай арганізацыі і адначасова дапамагаў у якасці эксперта журналістам «Нашай нівы» і «Белсата». Праз гэта ў Беларусі, няхай і завочна, мне пагражаюць вельмі сур'ёзныя крымінальныя артыкулы. І хоць я ўжо ў бяспецы і пад міжнароднай абаронай, маё імя дастаткова вядома ў вузкіх колах. Таму я не называю яго, бо хачу зберагчы маіх пажылых бацькоў ад ператрусаў, арышту маёмасці і допытаў.

У 2021 годзе я быў звольнены як «нядобранадзейны», разам з некаторымі сваімі калегамі. Рэпрэсіі ў краіне набіралі абароты. Некалькі чалавек з майго атачэння былі затрыманыя і зараз адбываюць тэрміны па палітычных артыкулах. Усё ўзважыўшы, мы з жонкай і маленькімі дзецьмі, вырашылі з'ехаць з Беларусі, не чакаючы, пакуль за намі прыйдуць. Праз Украіну мы выехалі ў Польшчу, дзе падаліся на міжнародную абарону і атрымалі статус уцекачоў.

З таго часу мы больш-менш наладзілі сваё жыццё: дзеці пайшлі ў сад і школу, а я ўладкаваўся працаўніком у фірму па вырабе аўтамабільных запчастак. Гэтая праца забяспечвала нам афіцыйны прыбытак, медыцынскую і сацыяльную страхоўку для ўсёй сям'і.

Да няшчасця, у пачатку гэтага года я атрымаў сур'ёзную траўму. У лютым, гуляючы з дзецьмі, я няўдала ўпаў і атрымаў цяжкі пералом пляча. У шпіталі мне зрабілі аперацыю – плечавы сустаў літаральна сабралі па частках, злучыўшы іх тытанавай пласцінай. Праз пару тыдняў высветлілася, што падчас аперацыі ў рану патрапіла інфекцыя, у выніку чаго мне зрабілі адну за другой яшчэ дзве аперацыі па ачыстцы раны.
(BYSOL мае пацвярджаючыя медыцынскія дакументы)

Вось ужо сем месяцаў я аднаўляю плячо і знаходжуся на бальнічным. У ліпені мяне звольнілі, бо я быў аформлены па дамове падраду. Я застаўся без асноўнага заробку, але працягваў атрымліваць выплаты па хваробе, бо раней сам плаціў падатак для атрымання бальнічнага. З улікам невялікіх падпрацовак анлайн, я больш-менш спраўляўся з сітуацыяй. У мяне нават атрымлівалася перыядычна данаціць праз BYSOL людзям, якім патрэбна дапамога.

У канцы жніўня высветлілася, што паколькі мой бальнічны доўжыцца больш за 182 дні, штомесячныя выплаты прыпыненыя. Для іх працягу неабходна заключэнне медыцынскай камісіі аб тым, што мне неабходна далейшая рэабілітацыя. На разгляд заявы і вынясенне рашэння спатрэбіцца ад двух да трох месяцаў.

У той момант я зноў на месяц трапіў у лякарню праз ускладненне, якое пачалося ў месцы пералому. Мне зрабілі яшчэ дзве аперацыі і плячо зараз давядзецца распрацоўваць нанова.

Часова застаўшыся і без працы, і без выплат па бальнічным, мне зараз самому ня проста спраўляцца з сітуацыяй. Асноўная праблема – гэта арэндная плата за кватэру. Мне патрэбна дапамога на яе аплату на тры месяцы, пакуль палепшыцца мой стан здароўя і я буду мець магчымасць працаваць як раней.

Ад усяго сэрца буду ўдзячны за кожны данат!

Сума збора

€1800

€1800 – арэнда кватэры за 3 месяцы

:
€ 1 661
Збор завершаны. Сабрана: € 1 661