Актывіста партыі БНФ Уладзіміра Прадкіна з Рэчыцы асудзілі за інтэрнэт-публікацыі, у якіх знайшлі «рэабілітацыю нацызму». Пасля вызвалення мужчына быў вымушаны эміграваць і пачынаць жыццё нанава. Ён просіць аб дапамозе, каб выжыць у новых умовах.
Уладзімір нарадзіўся і жыў у Рэчыцы, усё жыццё працаваў цесляром, займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю. «Па жыццёвым шляху я, як прынята казаць, чалавек з устойлівай грамадзянскай пазіцыяй, – адзначае ён. – Шмат гадоў я ўдзельнічаў у нацыянальна-дэмакратычным руху». У 1991 годзе беларус стаў сябрам партыі БНФ і на працягу дзесяцігоддзяў заставаўся яе актывістам, будучы ў полі зроку КДБ, як «апазіцыйна настроены грамадзянін».
У 2010-х беларус здымаўся ў мастацкіх і гістарычных фільмах, – адбілася яго цікавасць да гісторыі Другой сусветнай вайны. «Я чытаў шмат ваенных мемуараў, у тым ліку і нямецкіх, дзяліўся сваімі даследаваннямі ў сацыяльных сетках, – адзначае экс-палітзняволены. – Думаў, што так можна лепш зразумець логіку злачынных рэжымаў».
Пасля падзеяў 2020 года ўлады пачалі масава шукаць «экстрэмісцкія» публікацыі, у тым ліку заднім чыслом, і ў 2021 годзе супрацоўнікі гомельскага ГУБАЗіКа затрымалі Уладзіміра каля дома.
«Быў ператрус з панятымі, канфіскавалі тэлефон і ноўтбук, – успамінае мужчына. – Потым трое сутак у ІЧУ, пасля чаго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе».
Сілавікі знайшлі на старонцы Уладзіміра ў сацсетках фота, дзе ён быў адлюстраваны ў форме нямецкага афіцэра (фота было зроблена на здымках мастацкага фільма), а таксама спасылкі на мемуары генерала вермахта, якія следства паднесла як «рэабілітацыю нацызму».
9 снежня 2021 года актывіста затрымалі яшчэ раз, а праз паўгады ў СІЗА Уладзіміра прыгаварылі да трох гадоў калоніі па артыкуле 130 «распальванне сацыяльнай варожасці» КК РБ.
Па словах актывіста, ён не меркаваў, што за мемуары і старое фота ў сацсетках можна атрымаць тры гады калоніі. «Але ў той момант ім патрэбны былі паказальныя справы па «рэабілітацыі нацызму», і я трапіў пад гэтую кампанію», – тлумачыць ён.
Зняволенне ў бабруйскай ПК-2 было цяжкім. «За ўвесь час я правёў у ШІЗА агулам каля сотні содняў: па 10–20 дзён за раз, – узгадвае беларус. – Мяне паставілі на ўлік як «схільнага да экстрэмізму», а гэта азначае сталы ціск і абмежаванні».
17 студзеня 2025 года Уладзімір выйшаў на волю, поўнасцю адбыўшы тэрмін зняволення. Як і ўсім «палітычным», яму прызначылі прэвентыўны нагляд. На свабодзе мужчына сутыкнуўся з поўнай немагчымасцю ўладкавацца на працу ў Беларусі. Некалькі месяцаў ён спрабаваў зразумець, ці магчымае нармальнае жыццё ў статусе «экстрэміста», але прыйшоў да высновы, што перспектыў няма.
«Я зразумеў, што далей будзе толькі горш. Працы няма, нагляд ёсць, і ў любы момант сітуацыя можа скончыцца новым тэрмінам», – кажа ён.
Спачатку экс-палітзняволены з'ехаў у Грузію, каб аднавіць падарванае ў няволі здароўе, затым, па гуманітарнай візе, пераехаў у Польшчу. Цяпер чакае міжнародную абарону, але не мае права працаваць. Стабільнага даходу няма, а фінансавая дапамога патрэбна «ўжо ўчора»: каб аплачваць жыллё, купляць прадукты і прадметы першай неабходнасці.
«Я ніколі не баяўся фізічнай працы, хачу працаваць цесляром, ці на будоўлі, – падкрэслівае Уладзімір. – Разумею, што мой выпадак вельмі тыповы. Я не баюся ў 58 гадоў пачынаць жыццё нанова, але зараз маю патрэбу ў фінансавай падтрымцы, каб выжыць, пакуль прымаецца рашэнне аб абароне».
Сума збору
€2000
€800 – арэнда жылля
€400 – прадукты і прадметы гігіены
€500 – медыцынскія выдаткі
€300 – адзенне і прадметы першай неабходнасці
