«Мне сказалі, што наступным разам усё скончыцца яшчэ горш». Беларускай ЛГБТ-актывістцы ў эміграцыі патрэбна дапамога пасля катаванняў ГУБАЗіКа

  • Гісторыя

Беларуска Вікторыя Кутузава пакінула краіну пасля катаванняў і пагроз з боку сілавікоў. Сёння яна жыве ў эміграцыі ў Грузіі і мае патрэбу ў тэрміновай падтрымцы, каб аднавіць здароўе і выжыць.

Вікторыя жыла ў Мінску, рамантавала музычныя інструменты, удзельнічала ў творчых праектах і фрылансіла як кантэнт-менеджэр. Да падзей 2020 года яна ніколі не заставалася ў баку ад таго, што адбываецца ў Беларусі.

«Я не лічыла сябе палітычнай актывісткай, але займала актыўную грамадзянскую пазіцыю, – узгадвае яна. – У 2020 годзе, як і многія беларусы, я не засталася ў баку ад таго, што адбываецца. У першую чаргу – у публічных размовах і абмеркаваннях, тлумачачы іншым, што адбываецца ў краіне».

Па прычыне сімпатыі і падтрымкі ЛГБТ-супольнасці Вікторыя пазбягала адкрытага ўдзелу ў вулічных пратэстах, разумеючы, што ва ўмовах узмацнення рэпрэсій любая ўвага з боку сілавікоў будзе небяспечнай. Аднак у 2023 годзе на яе напалі проста на вуліцы убачыўшы сімволіку ў падтрымку Украіны. Вікторыі прыйшлося звяртацца па медыцынскую дапамогу.

«Інцыдэнт аформілі як крымінальны, што прыцягнула да мяне ўвагу міліцыі, – кажа Вікторыя. – Праверылі тэлефон і выявілі «экстрэмісцкія» матэрыялы. Вынік – адміністрацыйны арышт на 13 содняў па артыкуле 19.11 КаАП».

Чалавек, які трапіў у поле зроку сілавікоў па палітычных матывах, ды яшчэ і з ЛГБТ-бэкграўндам, застаецца пад пастаяннай пагрозай. У канцы студзеня 2024 года, на фоне масавых праверак людзей, якія атрымлівалі дапамогу ад ініцыятыў узаемадапамогі, у кватэру Вікторыі ўварваліся супрацоўнікі ГУБАЗіКу.

«Спачатку яны збілі мяне дома, потым павезлі ў ГУБАЗіК, – узгадвае беларуска. – Там было пекла. Мяне літаральна катавалі, у тым ліку электрашокерам. Білі так, што зламалі рэбры, пашкодзілі зубы, пакінулі апёкі. Запісалі «пакаяннае» відэа і на 12 содняў кінулі на Акрэсціна – без медыцынскай дапамогі, з траўмамі і пераломамі».

«Пасля вызвалення мне прама сказалі: наступным разам усё скончыцца яшчэ горш».

Заставацца ў Беларусі для ЛГБТ-актывісткі стала сьмяротна небясьпечна. Было зразумела, што наступным крокам стане крымінальная справа. Увесну 2024 года, па патрабаванню блізкіх, Вікторыя пакінула краіну і пераехала ў Грузію. Цяпер яна жыве ў Батумі.

«Эміграцыя не прынесла мне стабільнасці, – кажа Вікторыя. – За апошні год мяне абрабавалі, я пазбавілася грошай і тэлефона. У дадатак банк у Беларусі заблакаваў маю карту «за падазроную актыўнасць», і я страціла доступ да ўласных сродкаў без асабістага візіту ў краіну».

«Пасля таго, што са мной зрабілі, любы стук у дзверы выклікае паніку».

Адначасова пачалі выходзіць са строю працоўныя інструменты – ноўтбук і гукавая карта, без якіх Вікторыя не можа зарабляць. На фоне наступстваў катаванняў і сталага стрэсу гэта прывяло да нервовага зрыву. Пачаліся праблемы з арэндай жытла. Зараз Вікторыя знаходзіцца ў цяжкім фінансавым і псіхалагічным стане: яе даходаў ледзьве хапае на ежу і лекі, яна жыве з наступствамі траўмаў, адчувае моцную трывожнасць і дэпрэсіўныя эпізоды.

«Я ўпершыню прашу аб дапамозе, але без вашай падтрымкі не ведаю, як змагу перажыць бліжэйшыя месяцы: захаваць жыллё, аднавіць умовы для працы і прайсці неабходнае медыцынскае абследаванне, у тым ліку лячэнне наступстваў збіванняў і кансультацыю стаматолага, – кажа беларуска. – Ваша падтрымка для мяне – пытанне выжывання. Я вельмі веру ў салідарнасць».

Сума збору
€2000

€700 – арэнда жылля і камунальныя выдаткі
€500 – лекі і медыцынская дапамога
€800 – аднаўленне базавай тэхнікі для працы і сувязь

Сабрана:
€ 196 з 2 000