«Іспанская бюракратыя – гэта нешта асаблівае, але мы не здаёмся». Сужэнцы-пенсіянеры з Беларусі змагаюцца за легалізацыю ў Іспаніі

  • Гісторыя

Пара з’ехала з Беларусі, ратуючыся ад пагрозы крымінальнага пераследу. Для афармлення віду на жыхарства ў Іспаніі ім патрэбная дапамога, каб аплаціць падрыхтоўку дакументаў і суправаджэнне іміграцыйнага спецыяліста.

Мяне завуць Вячаслаў Крысцінін, маю жонку – Святлана. Нам па 66 гадоў. Мы ўжо звярталіся па дапамогу, і нам няпроста рабіць гэта зноў. Але цяпер сітуацыя крытычная: заканчваецца наша гуманітарная віза, а падоўжыць яе нельга. Калі мы не паспеем аформіць ВНЖ у Іспаніі, дзе жывём ужо больш за два гады, рызыкуем застацца без легальнага статусу з усімі вынікаючымі наступствамі.

Мы з’ехалі з Беларусі пасля пагрозы крымінальнага пераследу за каментары ў інтэрнэце, змянілі тры краіны і ў выніку аселі ў Іспаніі: тут мне лягчэй па здароўі з-за праблем з органамі дыхання, жонцы таксама падыходзіць клімат, а галоўнае – з’явіўся рэальны шлях да легалізацыі.

Нядаўна з’явілася магчымасць, і мы падалі дакументы на ВНЖ па даступнай працэдуры легалізацыі. Калі будзе адмова, ёсць запасны варыянт – падача па аседласці, бо мы ўжо набралі неабходны тэрмін пражывання. Але для гэтага патрэбныя правільна падрыхтаваныя дакументы: даведкі, апастылі, пацвярджэнне пражывання і суправаджэнне спецыяліста.

Іспанская бюракратыя вельмі дэталёвая. Найменшая памылка можа прывесці да адмовы, і тады ўсё давядзецца пачынаць нанова. Таму без іміграцыйнага спецыяліста мы не справімся.

Цяпер стабільнага даходу ў нас няма. Дзеці дапамагаюць аплачваць жыллё, часам я бяру разавыя падпрацоўкі як аўтамеханік. Вяду два YouTube-каналы, але яны пакуль не манетызаваныя. Жонка працаваць не можа. Назапасіць патрэбную суму самастойна мы не ў стане. ВНЖ дасць мне права на працу і доступ да сацыяльных праграм. Акрамя таго, я змагу ўдзельнічаць у іспанскіх праграмах засялення малых населеных пунктаў, прасцей кажучы — вёсак. Я аўтамеханік і магу быць карысным там, дзе ёсць сельгастэхніка, вінаграднікі, аліўкавыя гаспадаркі і пастаянная патрэба ў рамонце.
Каб правільна аформіць і падаць дакументы на ВНЖ, нам неабходна 1800 еўра на абедзве нашы справы. Я выдаткаваў шмат часу, каб знайсці юрыста, які возьмецца за нашы, як цяпер модна казаць, кейсы. Калі мы з жонкай атрымаем статус, зможам выйсці з падвешанага становішча. Мы стараемся закрываць свае невялікія патрэбы самі, але сабраць такую суму, ды яшчэ і за адносна кароткі тэрмін, дакладна не зможам. Будзем удзячныя кожнаму, хто падтрымае нас на нашым шляху да віду на жыхарства. А калі хочаце, то прыязджайце ў Іспанію, арганізуем беларускую вёску ў іспанскай глыбінцы і будзем будаваць жыццё разам!

Сума збору:
€1800

€450 – пераклад, апастыляванне і афармленне дакументаў
€1350 – даведкі, суправаджэнне іміграцыйнага спецыяліста і падача дакументаў на ВНЖ

Сабрана:
€ 10 з 1 800