Беларус зламаў ногу і просіць пра дапамогу, бо не можа працаваць і патраціў усе ашчаджэнні на лячэнне і арэнду жылля.
Мяне завуць Уладзіслаў Каляда. Я беларус з Мінска, музыкант, барабаншчык, мастак, займаюся тату і зараз жыву ў Польшчы. У 2020 годзе ў Мінску мы з гуртом запісалі альбом, дзе спявалі пра выбары і палітыку. А на маршах я выступаў з калектывам «Патрабуем разайсціся», які збіраў музыкантаў з усёй краіны.
Мяне, як і маіх калег, затрымлівалі, судзілі і штрафавалі. Аднойчы забралі ўсіх проста з рэпетыцыі. Потым спачатку першаму выставілі крымінальнае абвінавачванне, затым другому. У нейкі момант калегі пачалі з’язджаць. Я выехаў адным з апошніх.
У 2021 годзе я з’ехаў ва Украіну. Спярша я думаў, што гэта часова. Але потым пачалася вайна, і ўсё змянілася. Кампанія, дзе я працаваў, рабіла ежу на вынас для цэнтраў бежанцаў. Я дапамагаў наладжваць лагістыку. У вольны час быў валанцёрам у беларуска-ўкраінскім цэнтры «Сустрэча».
Вясной 2022 года я страціў пашпарт і апынуўся ў пастцы. Я тры гады не мог выехаць з Украіны і часта заставаўся бяз грошай і працы. У 2025 годзе з вялікімі цяжкасцямі ў мяне атрымалася выехаць у Польшчу, падаць дакументы на міжнародную абарону. Праз некаторы час я адаптаваўся, знайшоў працу, вярнуўся да творчасці і тату. Паралельна працягваў маляваць. Для мяне гэта не толькі праца, але і спосаб трымацца, захоўваць унутраную ўстойлівасць і адчуванне нармальнага жыцця.
Але нядаўна ўсё зноў рэзка пагоршылася. Я зламаў ногу. У бальніцы мне наклалі гіпсавую шыну, прызначылі мыліцы, абязбольваючыя, уколы, кантроль у артапеда і далейшае назіранне. Аднаўленне працягваецца ўжо больш за два з паловай месяцы. Дактары не выключаюць, што можа спатрэбіцца яшчэ адна аперацыя. Зараз я моцна абмежаваны ў перамяшчэнні і не магу паўнавартасна працаваць. А для чалавека ў эміграцыі гэта вельмі вялікая праблема.
За два месяцы я патраціў усе ашчаджэнні на жыллё, лекі, абследаванні і аднаўленне – адным словам, на самыя базавыя рэчы. Я не першы год у эміграцыі, і мне самому непрыемна зноў апынацца ў сітуацыі, калі даводзіцца прасіць. Але зараз траўма фактычна выбіла мяне з працоўнай каляіны, а без падтрымкі я рызыкую страціць жыллё і канчаткова праваліцца фінансава.
Мне патрэбна дапамога не на «новае жыццё з нуля», не на старыя памылкі і не на камфорт. Я прашу часовай падтрымкі на перыяд аднаўлення, каб захаваць жыллё, прайсці лячэнне і паступова вярнуцца да працы.
Сума збору
€2500
€1100 – аплата жылля
€900 – медыцынскія выдаткі, прэпараты і рэабілітацыя
€500 – ежа і самае неабходнае на час аднаўлення
