Таццяна ўладкавалася хатняй работніцай у Варшаве і нядаўна ўпала з лесвіцы няўдала на бетонную падлогу. Цяпер ёй трэба аплачваць сваё лячэнне і аднаўленне, а ў гэты час працаваць яна не можа.
Да 2021 года ў віцябчанкі Таццяны Куксы была невялікая крама жаночага адзення. Яна выйшла на пенсію, але займалася бізнесам. У лютым яе затрымалі на працы за каментарый, дома правялі ператрус. Пасля гэтага жанчыну адпусцілі, і сябры параілі Таццяне з’ехаць. Так яна апынулася ў Кіеве, а пасля пачатку вайны ва Украіне пераехала ў Польшчу, дзе атрымала міжнародную абарону.
– Як толькі я паляцела, краму арыштавалі, як і рахунак у банку. Выплату пенсіі таксама прыпынілі ў 2023 годзе. Цяпер я ў Варшаве, разлічваць магу толькі на сябе. Больш за тры гады я працавала хатняй работніцай у добрай польскай сям’і. Але, на жаль, яны з’ехалі на ПМЖ у Іспанію. Мне прыйшлося змяніць працу, і з новай гаспадыняй не вельмі пашанцавала.
– Некалькі тыдняў таму я вельмі няўдала ўпала ў яе ў доме з высокай лесвіцы, ударылася спіной і галавой аб бетонную падлогу. Хутка дапамога адвязла мяне ў бальніцу, дзе я знаходзілася некалькі дзён. Дактары сказалі, што чарапно-мазгавая траўма вельмі сур’ёзная, рабілі КТ амаль кожны дзень, калі рыхтавалі да аперацыі. Але гематомы пачалі спадаць, і мяне супакоілі, што аперацыю пакуль рабіць не будуць.
– Цяпер я праходжу лячэнне далей, нанова вучуся хадзіць. Працаваць пакуль не магу. Здароўе паступова аднаўляецца, але пакуль сіджу на абязбольвальных і мазях. Турбуюць галаўныя болі, часам галавакружэнне. Вельмі засмучае левая нага, якую я дагэтуль цягну. Прагнозы дактароў такія: патрэбны сіла волі і цярпенне, і тады ўсё адновіцца.
– Але лячэнне ў Польшчы дарагое, а я, на жаль, без страхоўкі. Займуся гэтым пытаннем з часам абавязкова, але пакуль мне трэба аплаціць лячэнне. За тры тамаграфіі і час у бальніцы я вінная больш за тысячу еўра. Астатнія праблемы з лекамі я пакуль вырашаю сама, але з гэтым ужо не магу справіцца. Тым больш, я не ведаю, колькі яшчэ прыйдзецца аднаўляцца.
– Дапамажыце мне, мне нельга быць інвалідам, мне трэба працаваць. Вярнуцца ў Беларусь для мяне значыць адразу патрапіць у турму. А без працы ў эміграцыі ня выжыць.
Сума збору
€1600
€1500 – знаходжанне ў бальніцы
€100 – рэабілітацыя
