Андрэй цяпер у эміграцыі, ягоная жонка з сынам — у Беларусі. Яны змогуць выехаць толькі пасля аперацыі хлопчыка, але лячэнне каштуе вялікіх грошай. Сям’я такой сумы не мае.
Меня завуць Андрэй*, я нарадзіўся і вырас у Гомелі. У 2020 годзе, як і многія, хадзіў на акцыі пратэсту. Праз некалькі гадоў хваля рэпрэсій дакацілася і да мяне — у кватэру ўварваліся «касманаўты» ў касках, бронекамізэльках і з аўтаматамі. Далей былі СІЗА, суд і калонія. Там я правёў некалькі гадоў, удалечыні ад сям’і і блізкіх.
Пасля вызвалення амаль адразу з’ехаў з Беларусі, бо заставацца было небяспечна. Гэта была знясільваючая вандроўка, якая заняла амаль чатыры дні і пралягала праз некалькі краін. Нарэшце я апынуўся ў бяспецы ў Польшчы, падаў дакументы на міжнародную ахову. І вельмі чакаю сваю жонку і сына.
Але тут ёсць складанасці. Мой сын мае праблемы са здароўем, якія трэба вырашыць да ад’езду. Яму цяжка хадзіць, і з часам стан толькі пагаршаецца. Выправіць сітуацыю нам можа дапамагчы адмысловая малаінвазіўная аперацыя. Нажаль, зрабіць яе бясплатна немагчыма. Мы з жонкай хочам для нашага сына менавіта такое ўмяшанне, і дактары яго раяць, але для нашай сям’і гэтая цана цяпер непад’ёмная: каля 5000 беларускіх рублёў (прыблізна 1500 еўра).
Дактары кажуць, што шанцы добрыя, і пасля аперацыі ў сына атрымаецца жыць звычайным жыццём. Але мы ня ведаем, дзе знайсці такія грошы. Я не магу працаваць афіцыйна, а тыя падпрацоўкі, што знаходжу, ідуць на ежу і арэнду жытла. У жонкі заробак невялікі.
Вельмі спадзяюся на вашу дапамогу, хоць і разумею, як цяжка будзе сабраць патрэбную суму. Але гэты збор надзвычай важны для нашай сям’і: ён не толькі дапаможа майму дзевяцігадоваму сыну хадзіць без праблем, але і дазволіць нам зноў уз’яднацца. Вельмі сумую па сям’і — нібыта адрэзалі частку мяне. А з вашай дапамогай я нарэшце змагу абняць сваю каханую жонку і дзіцёнка!
*Гэта ананімны збор. Дзеля бяспекі мы змянілі імя героя. Выява згенераваная з дапамогай штучнага інтэлекту (ШІ).
Сума збору
€2000
€1500 – аперацыя
€500 – медыкаменты, паездкі ў Мінск і назад на кансультацыі, аднаўленне, фізіятэрапія
