Сяргей Беляеў жыве ў Латвіі, асноўны даход мужчыны – невялікая пенсія менш за 200 еўра. Хутка яго чакае сур’ёзная аперацыя. Беларус просіць падтрымаць яго ў няпростай сітуацыі, патрэбныя сродкі на лекі і бытавыя выдаткі.
Добры дзень! Мяне завуць Сяргей Беляеў, я родам з Бабруйска.
У 2020 годзе пра мяне маглі чуць бабруйчане – я быў у ініцыятыўнай групе Святланы Ціханоўскай, збіраў подпісы. З-за гэтага (і не толькі) мяне не раз затрымлівалі: за подпісы, за фота з пікету і за нібыта ўдзел у мітынгу да Дня волі ў 2021 годзе. Усяго я правёў у ІЧУ 35 сутак.
Аднак сілавікі не пакінулі мяне ў спакоі і сталі прыходзіць з ператрусамі. Усяго іх было пяць. Напрыканцы 2021 года стала зразумела, што час з’язджаць. Тым больш, што ў мяне хвароба Паркінсана, з-за якой усталяваны нейрастымулятар у мозгу, а суды, арышты і ператрусы не дадавалі здароўя.
Зараз я знаходжуся ў Латвіі, тут атрымаў бежанства. Прыйшоў час мяняць акумулятар нейрастымулятара – гэта вельмі сур’ёзнае хірургічнае ўмяшанне. Як бежанцу, мне не давядзецца плаціць за сам прыбор, толькі за знаходжанне ў бальніцы. Я вельмі ўзрадаваўся, бо думаў, што буду пакрываць усё сам.
Але фінансавая сітуацыя ўсё роўна няпростая. Мая пенсія не больш за 200 еўра, а на працу не бяруць з-за інваліднасці, працадаўцы часта не хочуць звязвацца. Ёсць сацыяльныя праграмы па працаўладкаванні, але для гэтага патрэбны ўзровень латышскай С1 – на жаль, я пакуль не дацягваю.
Таму я магу разлічваць толькі на невялікую пенсію і дапамогу блізкіх. Буду вельмі ўдзячны вам за дапамогу з аплатай лекаў і бытавых выдаткаў. Гэта асабліва важна на першы час пасля аперацыі. Дзякуй!
Сума збору:
€1500
€1000 – арэнда жылля і бытавыя выдаткі на некалькі месяцаў
€500 – падтрымліваючыя лекі на некалькі месяцаў
