Акцёр Сяргей Тоўсцікаў змагаецца ў эміграцыі з аўтаімунным захворваннем – і просіць дапамогі

  • Гісторыя

Я Тоўсцікаў Сяргей, беларус з Магілёва, акцёр. З 20 гадоў жыў у Мінску, сыграў больш за 200 спектакляў. Вы можаце ведаць мяне па серыяле «Белсата» «Працэсы», вашыя дзеці як казачніка з праграмы «Простыя цуды» на «Маланцы», а беларусы Вільнюса маглі бачыць мяне на сцэне ў спектаклях «Ціхары» і «Цесля».

Амаль уся мая кар'ера ў Беларусі звязаная з Новым драматычным тэатрам – прапрацаваў там 23 гады. Але восенню 2020-га маўчаць на працы было немагчыма, і мы выйшлі на забастоўку. Усё скончылася звальненнем і чорнымі спісамі, на працу больш не бралі нідзе. Не мог нават знайсці падпрацоўку ў прыватных арганізацыях.

У 2021-м аднаго з маіх калег затрымалі і асудзілі на два гады за ўдзел у пратэстах. Пасля яго затрымання да мяне прыйшлі з ператрусам, а праз некалькі месяцаў выклікалі ў Следчы камітэт у невядомым статусе, дапыталі па справе калегі. Пасля зноў прыйшлі з ператрусам. Але я заставаўся ў краіне.

У снежні 2021 года атрымаў ролю ў серыяле «Акрэсціна» Андрэя Курэйчыка. Здымкі пачаліся ў пачатку 2022-га. Пасля іх я планаваў вярнуцца дадому, каб завяршыць усе справы, забраць котку і ехаць у Кіеў, дзе мне прапанавалі працу ў Тэатры драмы і камедыі на левым беразе Дняпра. Але за час працы над серыялам выйшла некалькі бэкстэйджаў і рэпартажаў пра яго, я трапіў у кадр – і мне далі зразумець, што вяртацца назад небяспечна. Прыйшлося застацца ў Вільнюсе з адным заплечнікам.

Натуральна, адразу быў у разгубленым стане: куды ісці, што рабіць, як быць. Адны пытанні. Позна ўставаў і рана клаўся, як быццам уключылася ахоўная рэакцыя. Можа, дэпрэсія была.

Першыя паўгода тут займаўся зборкай металаканструкцый – думаю, гэтым і дабіў свае суставы. У мяне артрыт, ён прагрэсуе. Потым з верасня 2022-га стварыў сваю дзіцячую тэатральна-фальклорную студыю «Ў нескладанае», якая працуе ўжо тры сезоны. Але, на жаль, без цяжкай працы здароўе лепш не стала.

У маі, па заканчэнні навучальнага года мы сыходзім на канікулы, а ў тэатральнай сферы мёртвы сезон, таму пачаліся фінансавыя праблемы. У мінулыя гады ратавалі стыхійныя падпрацоўкі, але зараз з-за стану здароўя я ўжо не пацягну фізічную працу.

Мне трэба плаціць за пакой, купляць лекі, аплачваць фізіяпрацэдуры (некаторыя з іх робяць толькі ў прыватных клініках). Месцамі накрывае роспач. У лютым мінулага года памёр бацька (на пахаванні я, натуральна, не быў), і цяпер нават няма каму мяне выслухаць і зразумець. Не люблю прасіць, люблю даваць. Але што рабіць, калі такое жыццё…

Сума збору
€3500

€1500 – жыллё на некалькі месяцаў
€1000 – фізіяпрацэдуры і лекі
€1000 – ежа, аплата абавязковай страхоўкі, бытавыя выдаткі

Сабрана:
€ 879 з 3 500