«У чаканні дазволу на працу я не магу самастойна аплаціць рахунак за адваката»

  • Гісторыя

Алесь Папковіч – музыка, мастак і экс-палітзняволены. Пасля двух гадоў калоніі і вымушанай эміграцыі ён змагаецца за міжнародную абарону ў Польшчы і патрабуе дапамогі для аплаты паслуг адваката.

Мяне клічуць Алесь Папковіч. Я музыка і мастак, былы палітычны зняволены. Да 2020 года я меў некалькі музычных праектаў, выступаў у менскіх клубах, пісаў і запісваў уласныя песні. З часам праводзіць канцэрты ў краіне рабілася ўсё больш складана. У Беларусі мне фактычна забаранілі выступаць: без тлумачэння прычын мне перасталі выдаваць гастрольнае пасведчанне.

Паралельна я працаваў у IT-сферы, ствараў 2D і 3D анімацыю для студый і геймінгавых  кампаній, у гэтай галіне ў мяне больш за 10 гадоў досведу.

У 2020 годзе мы з братамі выходзілі на мірныя маршы ды акцыі пратэсту. Мяне затрымалі і арыштавалі на 12 содняў. У 2022 годзе я збіраўся пераехаць у Польшчу. У Беларусі мне забаранялі выступаць, узмацняліся рэпрэсіі, а ў Польшчы я меў магчымасць працаваць па спецыяльнасці. Аднак за дзень да ад'езду да мяне ўварваліся сілавікі. Мяне збілі, забралі тэхніку і тэлефон і арыштавалі. Мне прад'явілі абвінавачанне па артыкуле 342 КК РБ за фатаграфію з маршу 2020 года. У выніку мяне прыгаварылі да двух гадоў калоніі.

Пасля вызвалення ў чэрвені 2024 года з турмы я адразу пакінуў Беларусь праз пераслед. Пераезд быў тэрміновым. Я паехаў у Польшчу – туды, дзе ўжо жыла мая сям'я. Пры гэтым у мяне была толькі літоўская віза – гэта была адзіная магчымасць хутка з'ехаць з краіны.

Пасля прыезду я звярнуўся па падтрымку ў BYSOL, каб пакрыць базавыя выдаткі на першыя месяцы. Гэтыя сродкі дапамаглі аплаціць арэнду жылля, ежу і неабходныя прылады для працы. Фактычна, гэта была магчымасць пачаць жыццё з нуля.

У Польшчы я падаў дакумэнты на міжнародную абарону. Як і многія беларусы, я сутыкнуўся з доўгім чаканнем рашэння. Увесь гэты час я не мог легальна працаваць і зарабляць. Аднак міграцыйнае ведамства вырашыла перадаць маю справу ў Літву па Дублінскім рэгламенце.

На шчасце, гэтае рашэнне ўдалося абскардзіць дзякуючы падтрымцы многіх людзей. 29 студзеня 2026 года Ваяводскі адміністрацыйны суд у Варшаве адмяніў перадачу справы ў Літву і накіраваў яе на новы разгляд у Польшчы.

Аднак да канчатковага рашэння па міжнароднай абароне і атрыманні дазволу на працу я застаюся ва ўразлівым становішчы. Пакуль ідуць юрыдычныя працэдуры, я не магу легальна працаваць і аплочваць юрыдычную дапамогу.

Частка паслуг адваката, які прадстаўляў мяне ў судзе, засталася неаплачанай – €1500. Самастойна пакрыць гэтую суму я зараз не магу.

Буду ўдзячны любой дапамозе, якая дазволіць аплаціць працу адваката, завяршыць працэс міжнароднай абароны і вярнуцца да нармальнага жыцця і працы ў Польшчы.

Сума збору
€1500 на аплату паслуг адваката па справе аб Дублінскім рэгламенце.

Сабрана:
€ 133 з 1 500