Беларуская актывістка пасля складанай аперацыі ў Грузіі аказалася непрацаздольнай з двума дзецьмі і мае патрэбу ў дапамозе на час рэабілітацыі

  • Гісторыя

Маці дваіх дзяцей Вольга Дабрусева, з'ехала з Беларусі ў 2021 годзе, баючыся арышту праз свой актывізм і зараз жыве ў Грузіі. Улетку 2025 года жанчына зламала руку. Каб не застацца інвалідам, заняла грошы на складаную аперацыю. Цяпер яна засталася без сродкаў да існавання, дзеці пайшлі ў першы клас, і жанчына просіць дапамагчы ёй, каб перажыць перыяд рэабілітацыі.

Да падзей 2020 года ў Вольгі і яе мужа быў свой інвестпраект у Бягомлі. Муж і жонка аднаўлялі памяшканні, стваралі працоўныя месцы. Як неабыякавы чалавек, у 2020 годзе жанчына актыўна ўключылася ў актывізм яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў: «я вельмі старалася прыцягваць людзей – і ў сторыз, і ў пастах; заклікала людзей выходзіць на пратэсты ў Бягомлі». Разам муж і жонка ўдзельнічалі ў пратэстах.

«У Бягомлі затрыманняў не было: з мясцовай міліцыяй склаліся чалавечыя адносіны спачатку, – згадвае актывістка. – Калі планаваліся разгоны людзей, міліцыя спачатку прапаноўвала разысціся рознымі дарогамі».

Па словах беларуска, мясцовыя ўлады добра ставіліся да мужа і жонкі. Яны размаўлялі з чыноўнікамі, прапаноўваючы «праявіць пазіцыю», на што атрымалі адказ, што «публічна – не», але «на некаторыя рэчы ўлады закрыюць вочы». Нейкі час іх з мужам не чапалі, але ў 2021 годзе жонкі атрымалі сігнал аб тым, што імі зацікавіліся сілавікі.

«Добразычлівец паведаміў, што на нас збіраюць дасье, – успамінае Вольга. – Нам прама сказалі, што дасье будуць збіраць тыдзень, пасля чаго дадуць яму ход, але да наступнага панядзелка мы вольныя».

Муж і жонка не сталі чакаць, рызыкаваць дзецьмі, і прынялі рашэнне з'язджаць. У лістападзе 2021 года сям'я эмігравала ў Грузію.

«Мы не сталі чакаць і з'ехалі, – кажа Вольга. – у Беларусь, пры цяперашнім рэжыме, я не вярнуся… Нас занадта добра ведалі і на мітынгах, і як актывістаў у Докшыцах і Бягомлі. Мы давалі інтэрв'ю, я ніколі не хавала свайго стаўлення да рэжыму. Гэта дзіўна – чакаць, пакуль цябе пасадзяць».

У Грузіі сям'я ўладкавалася ў Батумі, дзеці пайшлі ў сад. Пазней шляхі мужа і жонкі разышліся: Вольга развялася з мужам і ўжо два год афіцыйна жыве і выхоўвае дзяцей адна. Жанчына ўладкавалася працаваць медсястрой і падзарабляе ў агенцтве па арэндзе кватэр. Паводле яе слоў, былы муж дзяцей часам забірае на выходныя, але большую частку часу яны з ёй, і ўсе выдаткі на сям'ю ляглі на яе плечы.

Улетку 2025 года ў Вольгі здарыўся складаны пералом рукі са зрушэннем. Жанчына звярнулася да лекараў у дзень траўмы, «але папрасілі чакаць чаргі каля двух тыдняў, а лік ішоў на дні: трэба было паспець у першы тыдзень».

Беларуска заняла грошай і зрабіла аперацыю на шостыя суткі пасля траўмы. Аперацыя па фіксацыі пералому тытанавымі пласцінамі і два дні ў стацыянары абышліся ў сем тысяч лары (каля 2,5 тысяч долараў). Дзякуючы своечасоваму ўмяшанню, рука Вольгі рухаецца і зрастаецца, але ў перыяд аднаўлення яна зусім не можа працаваць. Востра паўстала пытанне вяртання пазычак і базавых патрэб сям'і.

«Я зусім адна ў чужой краіне, без магчымасці працаваць, – наракае Вольга. – Вярнуцца ў Беларусь, каб лячыцца, я не магу. Калі мяне пасадзяць, дзеці адправяцца ў дзіцячы дом».

Беларуска разлічвае на салідарнасць і падтрымку ў складаны перыяд і просіць дапамагчы ёй з пакрыццём выдаткаў на аперацыю (занятыя сродкі) і падтрымку на перыяд рэабілітацыі (жыллё, харчаванне, базавыя патрэбы дзяцей).

Сума збору
€2500

€1700 – вяртанне пазычкі за аперацыю
€800 – выдаткі на харчаванне і кватэру

Сабрана:
€ 13 з 2 500