Працадаўца Наталлі не выплаціў ёй заробак. Жанчыне патрэбна дапамога, каб перажыць зіму і клапаціцца пра сабак.
Мяне клічуць Наталля Краўцова. Мне 56 гадоў, зараз жыву ў Грузіі. Лукашэнку я не падтрымлівала ніколі. Мой бацька быў у Беларускім народным фронце. Таму і ў мяне погляды адпаведныя.
У Беларусі я працавала настаўніцай беларускай мовы ў школе №5 у Магілёве. Гэта былі дзевяностыя гады, школа лічылася паказальнай. З вучнямі ў мяне ўсё складалася добра, але я не ўпісвалася ў патрабаванні кіраўніцтва – трэба было, каб усё было «ціха і спакойна», без лішняй ініцыятывы. Пазней у мяне ўзнік канфлікт з дырэктарам. Мне прапанавалі працу ў сферы ідэалогіі ў іншай школе, але я адмовілася. Таму са школы прыйшлося сысці. Некаторы час працавала дырэктарам кнігарні «Думка», потым касірам у «Еўраопце».
Пасля 2014 года і падзей у Крыму, якія мы ўсе вельмі балюча перажывалі, я канчаткова вырашыла з'язджаць. Справа ў тым, што праз палітычныя погляды майго бацьку доўгі час нікуды не бралі на працу. Я разумела, што са мной можа быць нешта падобнае.
Тады я планавала перабрацца ва Украіну – я часта бывала ў Крыму і Адэсе. Але праз пытанні з легалізацыяй, я выбрала Грузію. Канчаткова пакінула краіну ў 2017 годзе.
З таго часу я жыву і працую тут. Але працягваю актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці. Калі яшчэ можна было збірацца каля амбасады Беларусі ў Тбілісі падчас выбараў, я старалася прыязджаць, хаця жыла далёка. Я актыўна ўдзельнічаю ў чатах, ніколі не хавала сваё прозвішча, шмат гадоў адкрыта выступаю супраць улады. Я мару вярнуцца ў свабодную Беларусь і гатова дапамагаць нашаму дэмакратычнаму руху.
Пры гэтым я заўсёды працавала і не баялася ніякай працы. У Грузіі пагаджалася на любую працу – ад мыцця посуду ў рэстаране да апекі пажылых людзей. Мінулай зімой я паехала працаваць пакаёўкай у гатэлі ў Сванэціі. Абяцалі, што нас будзе двое на 16 нумароў. У выніку я працавала адна – з раніцы да ночы, за 10 даляраў у дзень. Прыбірала нумары, прала бялізну, дапамагала на кухні. Потым з'ехаў повар – мне прыйшлося гатаваць, з’ехаў адміністратар – я засяляла гасцей, працягваючы прыбіраць і гатаваць.
Я спадзявалася, што мне заплацяць за ўвесь аб'ём працы. Але калі я папрасіла гаспадара разлічыцца, а таксама даплаціць звыш, ён адрэагаваў неадэкватна: крычаў, штурхаў мяне і ў выніку заявіў, што ўвогуле нічога не заплаціць. Я прыгразіла, што выкліку паліцыю. Да справы падключыўся яго брат, які яго крыху супакоіў. У выніку гаспадар гатэля дэманстратыўна кінуў мне нейкія грошы – банкноты па 20 лары (крыху больш за 6 еўра), каб брат бачыў, быццам ён расплаціўся. Насамрэч сума аказалася мізэрнай.
Я сабрала рэчы, сваіх сабак і з'ехала адтуль. Заробленае ён мне не заплаціў да гэтага часу.
Цяпер я жыву ў сяле Мукузані, у Гурджаанскім раёне. Тут вінаграднікі, і звычайна ёсць праца. Але з лістапада па люты адбываліся толькі рэдкія падпрацоўкі. Цяпер я ўжо езджу на абразанне вінаграда ў аграфірму, але зарплату атрымаю толькі праз некалькі тыдняў.
Са мной увесь час жывуць пяць сабак, якім я зрабіла дакументы. Яшчэ пяць-сем я рэгулярна кармлю побач з трасай. Самых хворых імкнуся лячыць і часова размяшчаю на тэрыторыі закінутага завода, які належыць жанчыне з Польшчы.
Пасля гісторыі з гатэлем у мяне не засталося ніякіх зберажэнняў. У доме, дзе я жыву, зімой было +3–5°C. Цэментавая падлога, сцены з блокаў – жыллё не прыстасавана для халадоў. Я купіла дровы дзякуючы дапамозе людзей, палю печ толькі вечарамі і эканомлю. Амаль месяц мяне карміла знаёмая грузінка, з якой мы раней працавалі разам. Мне вельмі сорамна гэта прызнаваць.
Мне патрэбныя грошы на самае неабходнае – ежу для сябе і для сабак, і каб знайсці жыллё лепш, хоць бы крыху больш цёплае. Я заўсёды працавала і хачу працаваць далей. Спадзяюся, што з сакавіка ўсё наладзіцца.
Мне цяжка прасіць дапамогі – ёсць людзі, якія прайшлі турму, у якіх дзеці. Але я апынулася ў вельмі цяжкай сітуацыі і адчуваю роспач.
Сума збору
€1700
€450 – арэнда жылля на 3 месяцы
€600 – харчаванне на 3 месяцы
€400 – лячэнне маіх жывёл
€250 – корм для жывёл
