«Мы пайшлі супраць хлусні сістэмы адукацыі — і былі вымушаныя эміграваць»

  • Гісторыя

Калі Наталля Голас і яе муж у 2020 годзе ўбачылі, як фальсіфікуюцца выбары ў Беларусі, яны вырашылі, што не будуць маўчаць. Разам з іншымі жыхарамі Баранавічаў яны ўдзельнічалі ў пратэстах, шылі бел-чырвона-белыя сцягі. Але галоўнае рашэнне яны прынялі пазней, калі адмовіліся весці сына ў школу.

«Я не хацела, каб маё дзіця вучылі, што хлусіць – гэта норма, што вайна – вызваленне, а ўлада заўсёды мае рацыю. Мы з мужам вырашылі: наш сын павінен вучыцца ў сумленным, вольным асяроддзі», – кажа Наталля.

Сям'я перавяла хлопчыка ў анлайн-школу, спачатку беларускую, затым украіна-беларускую гімназію «Midgard» у Кіеве. У школе ўсё ішло добра, але да сям'і пачалі прыходзіць органы адукацыі і апекі. Наталлю выклікалі на камісіі, пагражалі паставіць сына на ўлік, як таго, хто знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечнай сітуацыі, а аднойчы сказалі: «Будзеце артачыцца, дзіця адбяром, а вас закрыем».

«Я сама юрыст, але нават мне зрабілася страшна. Мы зразумелі, што далей заставацца нельга», – дзеліцца Наталля.

У лістападзе 2023 года яны з мужам і сынам эмігравалі ў Польшчу па гуманітарнай візе. Цяпер жывуць у вёсцы пад Лукувам: сын вучыцца ў тэхнікуме, муж працуе кіроўцам міжнародных перавозак. Працуе толькі ён, і грошай катастрафічна не хапае.

Наталля хоча аднавіцца ў прафесіі і зноў стаць юрысткай – ужо ў Польшчы. Для гэтага ёй трэба вывучыць польскую мову, прайсці настрыфікацыю дыплома і паступіць у магістратуру ва ўніверсітэце Седльцэ.

«Я мару пачаць усё з нуля, жыць сумленна, як жыла заўсёды, – кажа Наталля. – Але зараз маю вялікую патрэбу ў дапамозе на вучобу, настрыфікацыю дыплома і арэнду жылля для маёй сям'і».

Сума збору:
€2200

€700 – арэнда жылля
€200 – моўныя курсы
€1000 – навучанне ў магістратуры
€300 – пераклад і запэўненне дакументаў
 

Сабрана:
€ 0 з 2 200