Беларускі добраахвотнік і медык шукае падтрымку ў эміграцыі

  • Гісторыя

Беларускі добраахвотнік служыў ва Украіне з 2023 года, у тым ліку пад Бахмутам, дзе атрымаў раненне. Зараз ён знаходзіцца ў Еўропе і чакае рашэння па міжнароднай абароне. Да атрымання дазволу на працу яму патрэбна дапамога на жыллё і базавыя выдаткі.

Сябры, вітаю.

Я – беларускі добраахвотнік. З меркаванняў бяспекі не называю сваё імя, але мая гісторыя і дакументы пацверджаныя Фондам.

У студзені 2023 года я прыехаў ва Украіну і ўступіў у Полк Кастуся Каліноўскага. Пазней працягнуў службу ў Батальёне Каліноўскага. Першыя месяцы маёй службы прайшлі на адным з самых цяжкіх кірункаў – пад Бахмутам. Там я атрымаў раненне: зламаныя рэбры і кантузію. Пасля двух месяцаў лячэння я вярнуўся на службу, але ўжо ў Інтэрнацыянальным легіёне.

У наступныя гады я ўдзельнічаў у баявых аперацыях на розных кірунках: Запарожскім, пад Часавым Ярам, на Пакроўскім кірунку і іншых. Большую частку службы я выконваў абавязкі баявога медыка. Нават выходзячы на заданні разам са штурмавымі групамі, я заставаўся байцом да першага параненага, а затым пераўтвараўся ў медыка.

Падчас баёў за Бахмут мне давялося працаваць на стабілізацыйным пункце. Часам праз яго праходзіла да сотні параненых за суткі. Каманда медыкаў была невялікай, і мы працавалі практычна без перапынку. Адпачывалі там жа – спалі ў падвале, у пакоі побач з памяшканнем, дзе часова захоўвалі целы загінулых.

Пазней я займаўся медыцынскім забеспячэннем падраздзяленняў: удзельнічаў у планаванні эвакуацый параненых, суправаджаў іх да шпіталяў, збіраў медыцынскае абсталяванне для байцоў. Апошні год службы працаваў з камандамі аператараў дронаў, забяспечваў іх медыцынай і аказваў дапамогу параненым.

Падчас службы я атрымаў некалькі ўзнагарод: сярод іх медаль «За выратаванне жыцця» і ўзнагарода «За мужнасць пры выкананні спецыяльных задач».

У канцы 2025 года скончыўся тэрмін дзеяння маіх беларускіх дакументаў. Мне прыйшлося заняцца пытаннем легалізацыі. У студзені 2026 года я перасёк украінска-польскую мяжу і падаў дакументы на міжнародную абарону.

Зараз я знаходжуся ў Еўропе і чакаю рашэння па сваёй справе. Паводле мясцовых правілаў, дазвол на працу можна атрымаць толькі праз некалькі месяцаў пасля падачы дакументаў. Гэты час трэба проста перажыць. Таму я звяртаюся па падтрымку.

За час вайны я стараўся дапамагаць іншым: выцягваў параненых, ратаваў жыцці і падтрымліваў тых, каму было цяжэй за ўсё. Буду шчыра ўдзячны кожнаму, хто падтрымае мяне сёння.

Сума збору
€2500

€1500 – арэнда жылля на 3 месяцы
€1000 – харчаванне, транспарт і неабходныя бытавыя выдаткі

Сабрана:
€ 0 з 2 500