Беларус у эміграцыі просіць дапамогі на лячэнне

  • Гісторыя

Да пратэстаў Аляксандр працаваў у будаўніцтве і даглядаў бабулю-інваліда, якая памерла летам 2020 года ад COVID-19. «З яе сыходам абарвалася стабільнасць, і ў краіне, і ў маім жыцці, – кажа ён. – У ліпені мяне ўпершыню затрымалі. З таго часу шмат што спрабую забыць».

Першы арышт – 14 ліпеня 2020 года, пасля ўдзелу ў мірнай акцыі каля цырка. Аляксандра абвінавацілі па арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і пасадзілі на 10 сутак. Другі арышт – 7 жніўня: той жа артыкул, тыя ж умовы. Пасля выхаду яго ўначы вывезлі за горад і неўзабаве затрымалі трэці раз, а тэрмін арышту працягнулі яшчэ на 10 сутак.

«Кожны раз мяне вывозілі на ўскраіну. Да чорта на кулічкі. Без дакументаў і сувязі. Казалі, гэта «перавыхаванне»», – успамінае Аляксандр.

Умовы ў ІЧУ былі нечалавечыя: душная камера, бруд, адсутнасць сну. Падчас адной з адсідак у Аляксандра здарыўся гіпертанічны крыз. Ізалятар выклікаў хуткую, і зняволенага шпіталізавалі. Пасля выпіскі ён падпісаў абавязацельства не ўдзельнічаць у пратэстах. Тым не менш, працягваў клеіць улёткі, наведваў сустрэчы, дапамагаў іншым. За ім устанавілі сачэнне, да сваякоў прыходзілі супрацоўнікі МУС. Каб пазбегнуць новых затрыманняў, ён з'ехаў з Гомеля і год хаваўся.

Стрэс, бессань, трывожнасць, – на фоне пастаяннай небяспекі стан Аляксандра пагоршыўся. Яму прызначылі курс антыдэпрэсантаў. У хуткім часе стала зразумела, што заставацца ў Беларусі немагчыма. У пачатку 2022 года ён атрымаў гуманітарную візу і выехаў у Польшчу, дзе аформіў міжнародную абарону.

Ён стараўся адаптавацца: працаваў, валанцёрыў, дапамагаў іншым уцекачам. Але пасля навіны пра цяжкую хваробу блізкага чалавека, псіхаэмацыйны стан Аляксандра зноў пагоршыўся. У яго абвастрылася трывожна-дэпрэсіўнае расстройства, і яму трэба ў бальніцу. Цяпер Аляксандр чакае шпіталізацыі. Ён назіраецца ва ўрача, праходзіць медыкаментознае лячэнне і мае патрэбу ў рэгулярнай падтрымцы спецыялістаў. Бескаштоўная дапамога будзе даступная толькі праз 10 месяцаў. Усё, што можна зрабіць тэрмінова – толькі за грошы. Працаваць Аляксандр не можа, а кампенсацыя ад ZUS (упраўленне сацыяльнага страхавання) мінімальная і паступіць толькі пасля закрыцця бальнічнага.

Аляксандр жыве ў Польшчы разам з грамадзянскай жонкай і прыёмнай дачкой. У цяперашняй сітуацыі ён ня можа забяспечваць сям'ю, аплачваць лячэнне, арэнду і зараз вымушаны прасіць дапамогі ў неабыякавых людзей.

«Я апынуўся ў сітуацыі, калі фізічна не магу працаваць, а падтрымкі няма. Апынуўся каля мяжы, за якой пачынаецца роспач і таму прашу вашай дапамогі, каб перажыць гэты перыяд і вярнуцца да жыцця. Ваш унёсак дасць мне шанец скончыць лячэнне і зноў падняцца на ногі», – просіць аб дапамозе Аляксандр.

Сума збору
€1500

€600 – арэнда жылля на 2 месяцы
€600 – лячэнне і псіхалагічная дапамога
€300 – ежа і бытавыя патрэбы

Сабрана:
€ 0 з 1 500