Мяне завуць Канстанцін Яршоў, я з Мінска, мне 37 гадоў. Па прафесіі я электраманцёр і майстар па рамонце тэхнікі. Вы скажаце, што здароваму мужыку дапамога не патрэбна, няхай спраўляецца сваімі сіламі, і будзеце мець рацыю, бо да пэўнага моманту я сам так думаў і разлічваў толькі на сябе. Аднак час, праведзены ў СІЗА, і траўма ў эміграцыі так падарвалі маё здароўе, што я не магу паўнавартасна працаваць і застаўся без сродкаў да існавання.
Да 2020 года жыў і працаваў у Мінску, пачаў працаваць на прадпрыемстве з 18 гадоў, дадаткова займаўся фатаграфіяй і рамонтам аўто і матацыклаў. Упершыню прыняў удзел у пратэстах падчас «Плошчы-2010», пасля, як і многія аднагодкі, расчараваўся ў палітычным актывізме, але ў 2020 годзе, пасля звальнення з працы летам праз COVID-19, стаў актыўна ўдзельнічаць у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў. Дакументаваў тое, што адбывалася, як фатограф.
У снежні 2020 года мяне вельмі жорстка збілі амапаўцы ў пад'ездзе майго дома. Адсачылі падчас дваровых маршаў. Мяне адвезлі ў РУУС, пасля шпіталізавалі з цяжкімі траўмамі: разрыў мышцы сцягна, пабоі ўнутраных органаў, сляды ўдушша. «Слаўныя абаронцы парадку» скралі мой тэлефон і грошы. Пры гэтым фатаграфіі з тэлефона пасля сталі падставай для адкрыцця крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 (удзел у масавых мерапрыемствах) КК РБ.
Тры тыдні я правёў у бальніцы, доўга аднаўляўся дома. У студзені 2022 года ў кватэру, дзе я жыў, уварваліся «маскі-шоу» са шчытамі і зброяй. Мяне зноў затрымалі, канфіскавалі тэхніку, разбілі аб'ектывы, забралі грошы і ў выніку не вярнулі.
11 сутак я правёў у ІЧУ на Акрэсціна ў бетоннай скрынцы, без сну, з адным прыёмам ежы ў дзень. Пасля мяне перавялі ў СІЗА-1 на «Валадарцы», дзе я правёў 135 сутак. Адсутнасць вентыляцыі і нармальнага святла прывялі да таго, што я пачаў кашляць крывёй, пастаянна трымалася высокая тэмпература, і пачалася цяжкая форма кан'юнктывіту. Ні пра якую бальнічную дапамогу гаворкі не было, як у тым анекдоце пра дзве палоўкі адной «аспірынкі» — ад галавы і ад жывата. Мне дапамагалі сукамернікі як толькі маглі.
У чэрвені 2022 года мяне прысудзілі да 3 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хімія»). Тры месяцы я працягваў працаваць у Беларусі, таму што грошай у мяне не было зусім, нават каб уцячы з краіны, але ў выніку я ўсё ж пакінуў Беларусь.
Спачатку пераехаў у Грузію, дзе перанёс дзве аперацыі. Адбіліся наступствы траўм, атрыманых ад сілавікоў. Затым – у Польшчу. Браўся за любую працу: рамонт, будоўля, электрыка. Жыў у доўг, стараўся выбрацца з фінансавай ямы. У 2025 годзе ехаў на працу на старым ровары, няўдала ўпаў, атрымаў разрыў сухажылля рукі і траўму нагі. Перанёс дзве аперацыі. Страціў працу, застаўся без прыбытку. Медыцынская страхоўка не пакрыла цалкам выдаткі на лячэнне. Цяпер я ў працэсе працяглай рэабілітацыі, трэба плаціць за арэнду жылля і аддаваць даўгі за пераезд і медыцыну. Я ніколі не стаў бы звяртацца па дапамогу, але ў гэтай сітуацыі проста не магу працаваць, таму прашу даць мне магчымасць аднавіць здароўе і зноў жыць паўнавартасна.
Сума збору:
€2500
€1000 – арэнда жылля на 2 месяцы
€1000 – медыцынскія выдаткі
€500 – даўгі за пераезд і лячэнне