«Гэты адшчапенец у дваццатым годзе зрабіў свой выбар»

  • Гісторыя

Удзел у мірных пратэстах абярнуўся для футбольнага фаната і спартсмена Івана трыма з паловай гадамі зняволення ў самай жорсткай беларускай калоніі. Яму ўдалося з’ехаць з краіны пасля вызвалення, і ён просіць аб падтрымцы на першыя месяцы эміграцыі.

У лютым 2021 года ў Смалявіцкім раёне падчас выступу гурта РСП па ананімным даносе былі затрыманыя ўсе ўдзельнікі канцэрта, арганізаванага на базе адпачынку, а таксама іх гледачы. Сярод затрыманых гледачоў быў і Іван Котаў. За ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве» Іван атрымаў 15 сутак.

Гэта было адно з чатырох яго затрыманняў па адміністрацыйных парушэннях з пачатку пратэстаў у 2020 годзе. Пасля на гэтай падставе ў дачыненні да Івана былі ўзбуджаны крымінальныя справы, і ён быў абвешчаны ў вышук. Падчас няўдалай спробы пакінуць краіну Іван быў арыштаваны і асуджаны на тры з паловай гады калоніі.

Да гэтага палітычнага пераследу Іван быў фанатам футболу, сам займаўся спортам і вёў сацсеткі ў футбольным клубе. Праз удзел у мірных пратэстах з клуба яго звольнілі.

Тэрмін Іван адбываў у наваполацкай калоніі ПК-1, сумна вядомай сваімі псіхалагічнымі катаваннямі і ціскам на палітычных зняволеных.

«Я спрабаваў спачатку даваць супраціў. Не зразумеў адразу, што палітычны артыкул – гэта свайго роду «чорная метка». Калі я адкрыта абурыўся чарговай несправядлівасцю адміністрацыі, адзін з супрацоўнікаў кінуў: «Гэты адшчапенец у дваццатым годзе зрабіў свой выбар». За гэтым адразу я атрымаў свае содні ў ШІЗА, пазбаўленне перадач, спатканняў і ўсяго астатняга».

Падчас зняволення Івана дадалі ў спіс тэрарыстаў, таму нават пасля вызвалення ён не мог ані адкрыць рахунак у банку, ані ўладкавацца на працу, нічога.

«Я быў вымушаны эміграваць з краіны, каб мець надзею аднавіць сваё жыццё нанова. Я ў Польшчы ўсяго некалькі месяцаў і пакуль кепска разумею, што і як уладкавана. Турэмныя флэшбэкі пераследуюць, цяжка паверыць, што я свабодны ў сваіх учынках і выбары. Пытанні легалізацыі ў чужой краіне на чужой мове, пошук працы і жылля апынуліся складанейшымі, чым я сабе ўяўляў».

Івану патрэбная дапамога зараз, каб, зняўшы жыллё, ён мог стаць на ногі ў чужой краіне і адаптавацца да жыцця на свабодзе.

«Фармальна я ўжо свабодны, але па факце ўсё пачынаецца нанова: жыллё, праца, здароўе, таму і звяртаюся па дапамогу. Дзякуй усім за дапамогу! Усяго добрага!»

Сума збору
€2000

€2000 – арэнда жылля на тры месяцы плюс залог

Сабрана:
€ 0 з 2 000