«Муж-мастак пасля калоніі дрэнна бачыць, а працаваць нам пакуль не магчыма»

  • Гісторыя

Віталю 69, ягонаму сыну пяць. Праз пару тыдняў пасля вызвалення з калоніі міліцыя зноў пачала вазіць Віталя на відэаздымкі і «гутаркі», і сям’я тэрмінова з’ехала ў Польшчу. Тут ён чакае аперацыі на вачах, а плаціць за жыллё і садок няма чым, пакуль няма дазволу на працу.

Мяне завуць Іна Хальчыцкая. Мы з мужам Віталём і сынам жывём у Польшчы і чакаем рашэння па міжнароднай абароне. Пакуль яго няма, дазволу на працу няма ні ў кога з нас, а значыць, няма і сталага даходу. Самае цяжкае – арэнда жылля і дзіцячы садок. Сыну пяць гадоў, яму трэба хадзіць у садок.

Калонія моцна сапсавала мужу здароўе. Зрок пагоршыўся, і паўнавартасна працаваць ён пакуль не можа. Цяпер Віталь лечыцца, і ў бліжэйшы час яго чакае аперацыя на абодвух вачах: выдаленне катаракты і лячэнне сятчаткі. Грошы на аперацыю мы ўжо знайшлі праз іншыя фонды, так што, яе зробяць. Але бачыць муж пакуль дрэнна, і пасля аперацыі яму яшчэ трэба будзе аднавіцца.

Грамадзянская пазіцыя ў мужа была заўсёды. Яшчэ да 2020 года ён разам з Паўлам Севярынцам выходзіў на акцыі супраць дарожных карт з Расеяй, назіраў за выбарамі, а ў 2020-м актыўна ўдзельнічаў у пратэстах. У снежні 2024 года яго жорстка затрымаў спецназ проста ў цэнтры Магілёва. Трое сутак у ІЧУ пад наймацнейшым ціскам, потым суд за «абразу» і «паклёп» на Лукашэнку і два з паловай гады калоніі.

У сакавіку 2026 года Віталя «памілавалі» і вызвалілі разам з іншымі палітзняволенымі пасля візіту ў Мінск амерыканскага спецпасланніка. Але праз пару тыдняў ім зноў сталі актыўна цікавіцца крымінальны вышук і міліцыя: прывозілі на «відэаздымкі», на гутаркі. Чым гэта скончыцца, мы ўжо ведалі. Мне самой пагражалі арыштам з таго дня, як затрымалі мужа… Тады мы вырашылі ўсёй сям’ёй тэрмінова з’ехаць.

Віталь майстар на ўсе рукі, мастак і вялікі аптыміст! Ён прызвычаены працаваць, а не сядзець без справы. Напісаў нямала карцін, дзве працы пра палітычную сітуацыю ў Беларусі падарыў Музею Вольнай Беларусі ў Варшаве. Для яго, мастака, вочы – гэта ўсё. Карціны ён мог бы прадаваць, але пакуль няма дазволу на працу, рабіць гэтага не магчыма.

Нам трэба пратрымацца, пакуль мы чакаем дазволу на працу, а муж праходзіць аперацыю і аднаўляецца. Вельмі просім дапамагчы нам аплаціць арэнду і дзіцячы садок на бліжэйшыя тры месяцы. Калі ў вас няма магчымасці дапамагчы грашыма, падзяліцеся, калі ласка, спасылкай на збор.

Сума збору
€2400

€1800 – арэнда жылля і камунальныя выдаткі на 3 месяцы
€600 – дзіцячы садок для нашага сына

Сабрана:
€ 0 з 2 400