Георгій – невідушчы студэнт 4-га курса ЕГУ. Па прычыне страты гранта ён можа згубіць магчымасць працягнуць навучанне. Гэты збор – шанец для Георгія скончыць вучобу і атрымаць дыплом.
Добры дзень! Мяне клічуць Яўген. Я хрысціянін, палітычны бежанец і бацька 5 дзяцей. Год таму я ўжо рабіў збор на BYSOL і тады вы выратавалі зрок маёй дачцы Касіі. З-за рэдкай мутацыі гена PAX6 яна магла цалкам аслепнуць. Але дзякуючы вашай дапамозе, нам удалося зрабіць ёй аперацыю і захаваць зрок. Дзякуй!
Нажаль майму сыну, Георгію, пашанцавала менш. Ён цалкам невідушчы. Нягледзячы на гэта, ён заканчвае 4 курс ЕГУ, і я ім вельмі ганаруся. Але здарылася бяда. І я зноў прашу вас дапамагчы.
Магчымасць вучыцца ў ЕГУ Георгію давала стыпендыя, якую ён атрымліваў ад фонду «ЕўраБеларусь». Улетку 2025 года яму на пошту прыйшоў ліст з інфармацыяй пра тое, што трэба яшчэ раз падаць дакументы для ўдзелу ў праграме. Нажаль, гэты ліст патрапіў у папку «спам», і Георгій не змог яго своечасова выявіць, таму што для невідушчага гэта няпростая задача. А калі ліст быў знойдзены – было ўжо позна. Фонд закрыў магчымасць падачы дакументаў.
Мы спісаліся з прадстаўнікамі Фонда, і нам адказалі, што прымуць заяўку Георгія ў наступным семестры. А гэты – мы павінны неяк аплаціць самі.
Мы – звычайная шматдзетная сям'я, у якой хапае толькі на самае неабходнае. А ў эміграцыі кожны еўра дарагі. Георгій зараз атрымлівае сацыяльную стыпендыю ад універсітэта, аднак яе не хапае для пакрыцця кошту навучання. А самі мы не адолеем.
Я вельмі прашу вас пра разуменне нашай сітуацыі. Для сына – гэта апошні пераддыпломны семестр, і магчымасць працягнуць навучанне мае вырашальнае значэнне. І я б вельмі хацеў, каб сын давучыўся і, атрымаўшы дыплом, меў магчымасць больш упэўнена сябе адчуваць у грамадстве.
Спадзяюся на ваш водгук і дапамогу.
Дзякуй!
Сума збору
€1300
Столькі каштуе адзін семестр навучання на факультэце «Еўрапейская спадчына і крэатыўны турызм».
