Пасля чатырох гадоў у зняволенні за дапамогу беларусам у мяне атрымалася з'ехаць за мяжу і вывезці сям'ю, і зараз ужо мы маем патрэбу ў вашай падтрымцы.
Мяне клічуць Сяргей*, колькі сябе памятаю, ніколі не быў «па-за палітыкай». Адчуванне, што з Беларуссю нешта фундаментальна не так, з'явілася ў мяне задоўга да 2020 года. Калі з публічнай прасторы пачала знікаць беларуская мова, калі па тэлевізары штодня пераконвалі, што «ў нас усё добра, а ў іншых дрэнна і абы не было вайны», то 2020 год наўпрост стаў апагеем усёй гэтай дзяржаўнай хлусні. Мы з жонкай выходзілі на пратэсты ў Менску пастаянна, мяркую, не прапусцілі ні аднаго буйнага марша. Хадзілі да зімы, пакуль гэта ўвогуле было магчыма. Тут не пра геройства, а пра адчуванне, што інакш немагчыма. Выбар скрадзены, гвалт стаў нормай, і маўчаць – азначала пагаджацца з тым.
Калі пачаліся масавыя затрыманні і першыя крымінальныя справы, стала зразумела, што для многіх людзей пытанне ўжо не ў свабодзе слова, а ў фізічнай бяспецы. У нейкі момант некалькі знаёмых пасля СІЗА проста трэба было тэрмінова ратаваць. Прыйшло разуменне, лепшы варыянт – вывезці іх у бяспечную краіну. Мы шукалі шляхі, дапамагалі дабрацца з кропкі А ў кропку Б. Лепшае, што я тады пачуў, стэлефанаваўшыся: – «З хлопцамі ўсё добра». Потым з’явіліся іншыя людзі, якім была патрэбна эвакуацыя. Так працягваўся нейкі час, і хаця я разумеў, што рызыкую, падавалася, што іншага шляху няма.
Усё ж такі мяне затрымалі. Ціснулі, запалохвалі, абяцалі, што «я не выйду» і «больш не ўбачу сям'ю». Я не паверыў – і, як ні дзіўна, меў рацыю. У выніку правёў у турме доўгія чатыры гады.
Пасля вызвалення я некаторы час заставаўся ў Беларусі. Але меў пастаянны кантроль, абмежаванні, візіты сілавікоў, немагчымасць нармальна працаваць. Плюс – галоўнае: у мяне ёсць блізкія людзі, і я разумеў, што любое неасцярожнае дзеянне можа ўдарыць па іх. Калі момант стаў мінімальна бяспечным, я з'ехаў сам і вывез сям'ю.
Цяпер мы ў эміграцыі, падаёмся на міжнародную абарону. Гэта доўгі працэс, і шлях у новай краіне нас чакае доўгі. Да атрымання дакументаў мы з жонкай не маем права афіцыйна працаваць. Нам трэба недзе жыць, нечым харчавацца, закрываць базавыя выдаткі.
Цяпер нам цяжка, але мы не сталі б звяртацца па дапамогу, калі б маглі справіцца самі. Каб перажыць перыяд беспрацоўя, не апынуцца на вуліцы і нарэшце пачаць спакойнае, вольнае жыццё, вельмі разлічваю на вашу салідарнасць, як у 2020 годзе, калі мы не думалі пра небяспеку і проста дапамагалі адзін аднаму як маглі.
*Гэта ананімны збор. З мэтай бяспекі мы змянілі імя героя і некаторыя дэталі гісторыі. Малюнак згенераваны з дапамогай ШІ.
Сума збору
€3000
€1400 – арэнда жылля і камунальныя выдаткі
€800 – харчаванне і прадметы першай неабходнасці
€800 – аплата паслуг адваката па падачы дакументаў
