«Стартаваць даводзіцца ад нуля»: экс-палітзняволены просіць падтрымаць яго ў эміграцыі

  • Гісторыя

Ілля праз грамадзянскую актыўнасць быў асуджаны па крымінальным артыкуле, ягоная жонка – дэпартаваная з Беларусі, і ўз'яднацца ім удалося толькі ў Польшчы. Ілля просіць дапамагчы яму паправіць здароўе, пакуль яны абодва адаптуюцца ў новай краіне.

Да выбараў у 2020 годзе Ілля займаўся арганізацыяй карпаратыўных івэнтаў і захоўваў апалітычнасць. Аднак убачыўшы велізарныя чэргі да выбарчых участкаў і рэакцыю на выбар народа, якая рушыла ўслед, зразумеў, што для яго ўсё змянілася, бо «у нас скралі будучыню, а нашае меркаванне проста растапталі».

Са жніўня 2020 года Ілля ўдзельнічаў ва ўсіх маршах, аж да Дня Волі 2021 года. «За гэты час мяне тройчы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, – успамінае Ілля. – У лістападзе 2020-га ўпаялі штраф праз тое, што я перашкодзіў «ябацькам» зрэзаць бел-чырвона-белыя стужачкі, у студзені 2021-га – штраф за бчб-сцяг у акне, а ўлетку 2023-га – 15 содняў за падпіску на «экстрэмісцкі» канал «Мая Краіна Беларусь».

Улетку 2023 года Ілля вяртаўся з РФ на машыне. «На фоне «прыгожынскага мяцяжу» былі ўзмоцненыя праверкі, мяне спынілі, залезлі ў тэлефон і знайшлі там падпіскі, – распавядае беларус. – У снежні 2023-га ў госці прыйшоў ГУБАЗіК».

Спачатку Іллю і яго жонку арыштавалі на 15 содняў па адміністрацыйным справе, а затым прад'явілі крымінальнае абвінавачанне па «народным» арт. 342 КК РБ (Удзел у масавых беспарадках), прыгаварыўшы да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Жонку актывіста, грамадзянку РФ, спачатку арыштавалі на тры месяцы, а пасля дэпартавалі з Беларусі.

«Восем гадоў я працаваў арганізатарам масавых і карпаратыўных мерапрыемстваў, але па ўмовах «хіміі» любыя масавыя мерапрыемствы для мяне апынуліся пад забаронай», – наракае экс-палітзняволены.

Застаўшыся без сям'і і працы Ілля прыняў рашэнне з'ехаць, і напрыканцы 2024 года пры дапамозе службы эвакуацыі BYSOL пакінуў Беларусь. Цяпер мужчына ўз'яднаўся з сям'ёй у Польшчы і знаходзіцца ў працэсе чакання рашэння на атрыманне міжнароднай абароны.

«Пару тыдняў таму я атрымаў дазвол на працу, але ўвесь час, пакуль знаходжуся тут, я займаюся валанцёрствам, у тым ліку і ў ініцыятыве «Вольныя», – кажа Ілля. – Не магу сядзець склаўшы рукі, падтрымліваю як магу нашы дэмакратычныя ініцыятывы».

У час адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу ў мужчыны пачаліся праблемы са здароўем. Ужо ў Польшчы пачалося моцнае запаленне дзясны, якое скончылася экстранным выдаленнем аднаго зуба. Яшчэ некалькі зубоў маюць патрэбу ў дарагім аднаўленні, але ўсе невялікія назапашванні і першапачатковая аднаразовая дапамога пайшлі на стаматалогію і добраўпарадкаванне ў новай краіне ў той час, пакуль мужчына не мог працаваць.

Цяпер Іллі патрэбна падтрымка, каб аплочваць выдаткі на харчаванне, жыллё і аднаўленне зубоў, пакуль стабілізуецца жыццё, афароміцца побыт і з'явіцца мінімальны стабільны прыбытак.

«Самастойна я ўжо не ў сілах цягнуць усе выдаткі, якіх набралася шмат, таму разлічваю на вашую салідарнасць і падтрымку. Я актыўна шукаю працу, настроены сур'ёзна, але стартаваць даводзіцца з нуля».

Сума збору
€1800

€1500 – выдаткі на харчаванне, жыллё і бытавыя патрэбы
€300 – экстранная аплата паслуг стаматолага

Сабрана:
€ 8 з 1 800