Вітаю. Маё імя – Алена. З двума малодшымі дзецьмі і мамай я ўжо больш за тыдзень знаходжуся ў шэлтары ў Польшчы. Эвакуіраваліся мы з Беларусі з дапамогай фонда BYSOL, ратуючыся ад пераследу КДБ.
Мая сям'я жыла ў Беларусі звычайным жыццём, як тысячы іншых сем'яў: праца, школа, дом. Аднак год таму наша жыццё ператварылася ў кашмар.
Усё пачалося з нечаканага візіту супрацоўнікаў КДБ. Мяне затрымалі проста на працоўным месцы без тлумачэнняў і павезлі на допыт, які доўжыўся 10 гадзін. Мяне запалохвалі крымінальнай справай па сур'ёзных артыкулах, але не казалі, праз што. Пагражалі пераследам.
Нашу сям'ю агарнуў татальны страх, трывожнае чаканне і адчуванне, што далей будзе горш. Так і сталася. Да нас зноў прыйшлі. На гэты раз абвінавачвалі маю старэйшую дачку, якая ўжо тады знаходзілася па-за межамі Беларусі. Ёй ставілі ў віну пагрозу дзяржаўнай бяспецы, заклікі да санкцый і называлі тэрарысткай, пагражалі 12-гадовым тэрмінам зняволення. Як маці мне гэта было страшна слухаць і абсурдна. Мая дачка – не тэрарыстка!
Каб «дабрацца» да старэйшай дачкі, сілавікі сталі выкарыстоўваць маю малодшую. Яна непаўналетняя, але дарослыя мужчыны пры пагонах напрамую тэлефанавалі дзіцяці, прапаноўвалі сустрэцца, пагутарыць. Гэта быў жах!
Затым дайшлі да маёй 67-гадовай мамы. Палохалі абвінавачваннямі ў дачыненні да старэйшай унучкі, пагражалі тэрмінамі за нібыта «ўтойванне інфармацыі», ціснулі, патрабавалі пайсці на супрацоўніцтва. У мамы быў нервовы зрыў, стала дрэнна з сэрцам, да самага нашага ад'езду яна ўвесь час была на таблетках.
На маю адмову ад «пагаднення» выдаць маю старэйшую дачку па зялёным калідоры ў Беларусь, мне прыгразілі, што ўжо праз тыдзень пад пераслед трапіць уся сям'я, уключаючы магчымае ўмяшальніцтва органаў апекі. Тое, што ў мяне могуць адабраць дзяцей, стала апошняй кропляй. Заставацца ў краіне нам больш было немагчыма.
Цяпер мы, на шчасце, у бяспецы. Але жыллё нашае часовае, і я прашу дапамагчы неабыякавых людзей нам з арэндай кватэры і набыццём нейкіх базавых рэчаў на першы час. Мы ўцякалі практычна ў чым былі.
Вельмі спадзяюся на падтрымку і буду ўдзячная кожнаму, хто гатовы працягнуць руку дапамогі. Для нас гэта не проста грошы. Гэта магчымасць захаваць сям'ю, здароўе і надзею на будучыню, апынуўшыся ў чужой краіне.
Сума збору
€3000
€2200 – арэнда жылля на тры месяцы плюс заклад
€500 – адзенне і абутак, прадметы першай неабходнасці
€300 – харчаванне, лекі для мамы