Былая лекарка і актывістка апынулася ў складанай сітуацыі на эміграцыі і просіць дапамогі, каб не застацца на вуліцы

  • Гісторыя

Мяне завуць Кацярына Марэцкая, я родам з Віцебску. Там пражыла амаль усё жыццё да пераезду ў Менск на 11 месяцаў, а пасля вымушанай эміграцыі ў Польшчу. Я былая лекарка, і свой палітычны актывізм пачала ў 2020 годзе якраз з пратэстаў медыкаў. На жаль, у гэтай сферы доўга не пратрымалася. Пасля заканчэння адпрацоўкі па размеркаванні ў месцы, дзе да мяне было жудаснае стаўленне з боку начальства яшчэ да пратэстаў, а пасля стала яшчэ горш, вярнуцца ў медыцыну проста не дала рады.

А вось якраз палітычны актывізм захапіў мяне з галавой. Я заўсёды была супраць дзейнай улады, але на пасіўным узроўні, а тут упершыню падумала, што ёсць шанец нешта змяніць. У нас у Віцебску быў моцны рух медыкаў, мы арганізоўвалі акцыі, запісвалі звароты, я хадзіла на кожны нядзельны марш. Мяне не затрымлівалі (удалося адкараскацца папярэджаннем), але неяк трапіла ў акружэнне АМАПа. Засталася на волі толькі таму, што пачала задыхацца з-за пярцовага газу, стрэсу і таўкучкі.

З пачаткам вайны ва Ўкраіне пачаўся новы віток актывізму: імкнулася дапамагаць і суседняй краіне, і нашым палітвязням, рэгулярна пісала лісты, ахвяравала. Паралельна працавала барыстай. Летам 2022 года стала валантэркай Офіса Святланы Ціханоўскай, займалася праектам дапамогі палітвязням «Вольныя паштоўкі». Але да канца года мне стала панічна страшна заставацца ў Беларусі. Я ведала, што ў 2020-м мяне знялі на відэа, якое з'явілася ў NEXTA, да таго ж валантэрства, а яшчэ, як лекарка, я ваеннаабавязаная.

Таму ў лістападзе 2022 года вырашыла не чакаць арышту і з дапамогай BYSOL пераехала ў Польшчу. Пасля гэтага перастала баяцца і стала валантэрыць у разы больш. Я працую над праектам «Народны дэпутат», які дапамагае жыхарам Віцебскай вобласці вырашаць пытанні з чыноўнікамі, прасоўваю беларускі парадак дня ў арганізацыі Еўрапейскіх зялёных (Foundation of Young European Greens), выкарыстоўваю любую магчымасць, каб паўплываць на наша сучаснасць і будучыню. А пасля таго, як я пагадзілася балатавацца ў трэці склад Каардынацыйнай рады, на мяне завялі крымінальную справу ў Беларусі і прыйшлі з ператрусам. Дакладных артыкулаў не ведаю: у маці ўзялі падпіску аб неразгалошванні.

На жаль, з-за такой уцягнутасці ў актывізм я менш думала аб працы і кар'еры ў Польшчы. Даводзілася неяк знаходзіць баланс паміж актывісцкай дзейнасцю і працай для выжывання (усё яшчэ яго шукаю).

Я працавала барыстай, але часта сутыкалася з нядобрасумленнымі наймальнікамі: не афармлялі афіцыйна, звальнялі дзень у дзень і гэтак далей. У першы год мне даводзілася шукаць новую працу кожны месяц-два. На апошняй працы барыстай затрымалася даўжэй, але цалкам выгарэла. Хацела перайсці ў трэці сектар і пачаць нарэшце зарабляць на сваёй актывісцкай дзейнасці, але ідэя пайшла прахам.

У выніку я загнала сябе ў фінансавую яму, з якой не магу абрацца ўжо дзевяць месяцаў. Спачатку ўсё ішло нармальна, я ўладкавалася ў СММ адной НДА. Але там была каласальная нагрузка і перапрацоўкі, і я не вытрымала. Пасля гэтага стабільнай працы ў НДА знайсці не атрымалася: вялікая канкурэнцыя, дзясяткі разасланых рэзюмэ ні да чаго не прывялі. З канца мінулага года бралася за ўсе падпрацоўкі, якія магла знайсці, але на аплату жылля ўсё роўна не хапала. У снежні гаспадар кватэры даў зразумець, што выганіць мяне, калі не заплачу. Прыйшлося ўлезці ў даўгі.

Мне ўдалося знайсці новую працу ў добрай кампаніі да канца сакавіка, але першы заробак змагу атрымаць толькі ў траўні. Я ў прынцыпе такі чалавек, што не ў роспачы і не здаюся, але існаванне на мяжы выжывання вельмі стамляе. Кожны месяц з трывогай думаю, ці хопіць мне грошай на аплату кватэры, рахункаў і ежы. Доўгі час спадзявалася, што сама вырашу гэтую сітуацыю. Я працую практычна без выходных, але тэрміны падціскаюць, трэба плаціць за жыллё. А з улікам таго, што ў мяне ўжо ёсць даўгі, зразумела, што не спраўлюся самастойна. Таму вельмі прашу вас памагчы!

Сума збору
€1600

€230 – доўг за арэнду жылля за сакавік
€570 – аплата за арэнду жылля за красавік
€300 – паўсядзённыя выдаткі
€500 – аплата даўгоў
 

Сабрана:
€ 593 з 1 600