Восенню 2020 года Дзмітрый Сушчык далучыўся да пратэстаў у Навагрудку. Ён апранаўся ў касцюм Дзеда Мароза, раздаваў дзецям бела-чырвона-белыя шарыкі, паказваў «вікторыю» аўтамабілям. Хаця дзейнічаў у межах закона, хутка яго затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК: вывезлі ў лес, зламалі нос, забралі тэлефон. Сілавікі знялі абмежаванні з яго старонкі ў сацсетках, дзе былі калажы з Лукашэнкам і свастыкай (яшчэ з 2015 года), зрабіўшы яе публічнай. Гэтыя здымкі і сталі падставай спачатку для адміністрацыйнага арышту, а пасля і крымінальнай справы.
«Спачатку мяне пасадзілі на 10 сутак па адміністрацыйных артыкулах. Потым стала вядома, што будуць «шыць крыміналку» за абразу Лукашэнкі і дзяржаўных сімвалаў (артыкулы 368 і 370 КК РБ)», – распавядае Дзмітрый.
У 2022 годзе ён спрабаваў уцячы: паехаў у Расію і спрабаваў перасекчы мяжу з Украінай, але быў затрыманы і экстрадаваны. У Беларусі яго асудзілі на паўтара года пазбаўлення волі. Пасля этапу ў Аршанскую калонію яго адразу адправілі ў СІЗА, потым у ПКТ. Пазней умовы яшчэ пагоршылі: мужчыну перавялі ў турму СТ-1 у Гродне, дзе супраць яго распачалі новую справу па артыкуле 411: «злоснае непадпарадкаванне». Потым новы этап, новы тэрмін, статус «асабліва небяспечнага».
Праз два гады і сем месяцаў зняволення Дзмітрый апынуўся на волі, але пад наглядам як «схільны да экстрэмізму», з пратэрмінаваным пашпартам і даўгамі перад сістэмай: больш за 3000 рублёў.
«Я спрабаваў уладкавацца на любую працу: грузчыкам, зборшчыкам мэблі. Але як толькі «прабівалі» – звальнялі. Міліцыя рэгулярна выклікала мяне «на лекцыі», ціск не спыняўся».
Перад выбарамі 2025 года, каб пазбегнуць арышту, мужчына двойчы ламаў сабе мізінцы на нагах: атрымліваў бальнічны, выйграваючы час да заканчэння нагляду. Падчас спробы аднавіць пашпарт яму сказалі ў лоб: «такія, як ты, перыядычна сядзяць».
Увесну ён атрымаў дазвол на выезд у РФ пад выглядам працаўладкавання, але паляцеў у Тбілісі, а адтуль 1 чэрвеня у Польшчу. Цяпер жыве ў шэлтары, дзе можа заставацца месяц.
Падчас зняволення мужчыну выдралі тры зубы, пачаліся праблемы з мачавой сістэмай і псіхасаматычныя засмучэнні. Патрэбна лячэнне, базавая стабілізацыя.
«Галоўнае для мяне цяпер – вывучыць мову, знайсці працу і нарэшце пачаць жыць па-чалавечы. Вельмі спадзяюся, што салідарныя беларусы не пакінуць мяне ў гэтай кропцы ніжэй за нуль», – спадзяецца Дзмітрый.
Сума збору
€2500
€1200 – арэнда жытла (2 месяцы з закладам)
€700 – дзве адсутныя каронкі
€600 – харчаванне і базавыя выдаткі