Дзмітрый Паліенка просіць аб падтрымцы, каб прайсці аперацыю і аднаўленне

  • Гісторыя

Дзмітрый Паліенка, былы палітвязень і актывіст анархісцкага руху, апынуўся ў складанай сітуацыі пасля сур'ёзнага пералому кісці. Яму патрэбная дапамога, каб аплаціць лячэнне, лекі, жыллё і прайсці рэабілітацыю ў перыяд вымушанай непрацаздольнасці.

Мяне завуць Дзмітрый Паліенка. Я з Мінска, раней працаваў на МАЗе і шмат гадоў быў актывістам анархісцкага руху. Маё жыццё ў Беларусі праходзіла пад пастаянным ціскам: мяне шмат разоў затрымлівалі, саджалі на «суткі», двойчы я станавіўся палітвязнем. Усё гэта – за мірныя акцыі, флэшмобы, сходы і маю грамадзянскую пазіцыю.

У красавіку 2016 года я ўдзельнічаў у мінскай велаакцыі «Крытычная маса». Калі міліцыя спыніла калону, узнік канфлікт. Мяне абвінавацілі ў «нападзе на супрацоўніка», хоць насамрэч я проста спрабаваў абараніць іншага ўдзельніка, якога збівалі. Так я атрымаў першую крымінальную справу па арт. 364 КК РБ. У кастрычніку 2016 года мяне асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай.

Пазней гэтую адтэрміноўку скасавалі, прыпісаўшы мне тры «парушэнні»: удзел у абароне Курапатаў, збор подпісаў і нібыта «заклік» да маршу супраць дэкрэта аб «дармаедстве». На судзе па справе маіх сяброў-антыфашыстаў мяне таксама абвінавацілі ў выкрыку «Ганьба». Пасля гэтага мяне адправілі ў СІЗА, а затым у калонію.

У 2019 годзе на мяне завялі новую крымінальную справу па ч. 3 арт. 339 КК РБ («асабліва злоснае хуліганства»). Фармальна – за самаабарону ад п'янага агрэсіўнага мужчыны. Але следства «павесіла» яшчэ і арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці да міліцыі, абраза міністра Шуневіча) і арт. 341 (пашкоджанне маёмасці) за графіці супраць забудовы ў Курапатах і за надпіс «Мянты забіваюць людзей», прысвечаны падазронаму «суіцыду» затрыманага ў міліцэйскай машыне. Гэта была палітычна матываваная справа. Суд прызначыў мне 3 гады «хатняй хіміі» з падпіскай аб нявыездзе.

Рэпрэсіі працягваліся і далей. У ліпені 2020 года мяне арыштавалі на 15 сутак за фота з рондалем у сацсетках – гэта быў заклік да флэшмобу. Потым зноў пераследавалі за заклікі выходзіць на шэсці з партрэтамі палітвязняў і многае іншае. У лістападзе 2020 года, перад зачысткай Плошчы Перамен пасля забойства Рамана Бандарэнкі, я быў вымушаны з'ехаць з Беларусі. Тая акцыя стала апошняй, у якой я змог паўдзельнічаць.

Сёння я апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Нядаўна я ўпаў і зламаў кісць рукі. Траўма сур'ёзная. У бальніцы спрабавалі ўправіць косць, але беспаспяхова. Таму мне зрабілі тэрміновую аперацыю. Лекары кажуць, што рука ўжо не будзе функцыянаваць так, як раней.

Па прычыне траўмы я часова страціў працаздольнасць і не магу працаваць на складзе, дзе быў працаўладкаваны. Мне патрэбная дапамога, каб аплаціць лячэнне, неабходныя лекі, жыллё і далейшую рэабілітацыю.

Любая падтрымка цяпер дапаможа мне проста ўтрымацца на паверхні.

Сума збору
€2500

€1250 – аплата жылля на 3 месяцы, пакуль Дзмітрый не зможа працаваць
€250 – лекі і медыцынскія выдаткі
€600 – курс рэабілітацыі (10 тыдняў), масаж і аднаўленчыя трэніроўкі
€400 – падтрымка на час непрацаздольнасці

Сабрана:
€ 0 з 2 500