Сямейная пара пераехала ў ЗША праз пагрозу пераследу ў Беларусі. Нечакана жонка захварэла на рак і мае патрэбу ў экстранай падтрымцы для аплаты лячэння.
Мяне клічуць Зміцер Германчук. Я прашу аб дапамозе для сваёй жонкі Наталлі. Улетку 2015 года праз пагрозу пераследу па палітычных матывах мы з'ехалі з Беларусі і з таго часу жывём у ЗША. Прычынай ад'езду была мая грамадзянская і палітычная актыўнасць у Віцебску. Яшчэ студэнтам я ўдзельнічаў у вулічных акцыях, распаўсюджваў апазіцыйныя матэрыялы. У маі 2015 года мяне затрымалі з улёткамі, пазней сілавікі прыходзілі на працу, выклікалі на размовы, быў ператрус у кватэры. Так як у мяне была дзейная амерыканская віза, мы вырашылі з'яжджаць.
Сілавікі прыходзілі і пасля нашага ад'езду – выпытвалі ў сваякоў нашае месцазнаходжанне і род заняткаў, выклікалі на «гутаркі». Ужо знаходзячыся ў ЗША, мы актыўна рэагавалі на падзеі ў Беларусі пасля выбараў 2020 года: выходзілі на акцыі салідарнасці і адкрыта выказвалі падтрымку пратэстам у сацыяльных сетках. Пазней участковы прагаварыўся, што гаворка ідзе пра крымінальную справу, звязаную з «экстрэмізмам» і «распальваннем варожасці ў інтэрнэце». Вяртанне ў Беларусь для нас стала немагчымым. У выніку мы атрымалі палітычны прытулак у ЗША, а ў гэтым годзе – станоўчае рашэнне па грын-карце. Працэс легалізацыі заняў дзевяць з паловай гадоў.
Да хваробы Наталлі ў нас не было сур'ёзных праблем са здароўем. Мы вялі актыўны лад жыцця, займаліся спортам, працавалі фітнес-трэнерамі. Паўнавартасную медыцынскую страхоўку не афармлялі праз яе высокі кошт – каля 2 тысячы даляраў у месяц. Замест гэтага штогод праходзілі планавыя абследаванні ў прыватнага ўрача і плацілі за іх па 500 долараў. Да пандэміі мы працавалі ў Нью-Ёрку, затым пераехалі ў Фларыду. Пасля кавіду наша фінансавая сітуацыя рэзка пагоршылася: я ўзяў крэдыт на грузавік і пачаў працаваць кіроўцам. Мы ўвесь час жылі ў фінансавым напружанні і не мелі назапашванняў. Паўгода таму пераехалі ў Філадэльфію, бо Наталлі прапанавалі працу з больш высокім заробкам.
4 снежня Наталля прайшла планавае УГД органаў малога таза ў прыватным медцэнтры. У яе не было ніякіх сімптомаў – ні боляў, ні страты вагі, ні слабасці. Падчас агляду ўрач параіла аформіць страхоўку на выпадак далейшых абследаванняў. У той жа дзень я аформіў страхоўку за 370 долараў у месяц, але яна, як і любая страхоўка ў ЗША, мае перыяд актывацыі і пачынае дзейнічаць не адразу.
Праз чатыры дні мы атрымалі вынікі: Наталлі тэрмінова рэкамендавалі шпіталізацыю з падазрэннем на анкалогію. З 8 па 10 снежня яна знаходзілася ў шпіталі, дзе ёй зрабілі МРТ, КТ і іншыя абследаванні. 15 снежня прыйшлі вынікі біяпсіі: у жонкі выявілі ангіясаркаму – рэдкую і вельмі агрэсіўную форму раку сасудзістай тканіны. Пухліна памерам каля 15 сантыметраў, як мяркуецца, у матцы альбо яечніках, з метастазамі ў печань. Таксама ва ўрачоў узніклі пытанні наконт дробных утварэнняў у лёгкіх, якія павінны праясніцца пасля наступных курсаў лячэння.
19 снежня Наталлю шпіталізавалі для першага курса хіміятэрапіі. Яна прабыла ў шпіталі да 24 снежня. Курс уключаў чатыры кропельніцы, кожная з якіх, паводле слоў урачоў, каштуе каля 20 тысяч долараў. Наступны курс хіміятэрапіі запланаваны на другую палову студзеня.
У бальніцы патлумачылі, што страхоўка за 370 долараў не пакрывае лячэнне анкалогіі. Па рэкамендацыі сацыяльных работнікаў я аформіў іншую страхоўку, якая пакрывае анкалагічнае лячэнне, але яна пачала дзейнічаць толькі з 1 студзеня. Усе абследаванні і лячэнне, праведзеныя ў снежні, мы абавязаны аплаціць самастойна. Нам паведамілі, што рахунак прыйдзе пазней і можа быць вельмі вялікім: частка сумы шпіталь можа спісаць, астатняе прапануюць выплачваць у растэрміноўку на шмат гадоў.
Ад моманту хваробы жонкі я не працую і ўвесь час знаходжуся побач з ёй. Набыты ў крэдыт грузавік прастойвае, але я абавязаны штомесяц плаціць каля 5 тысячы долараў за крэдыт, страхоўку і паркоўку. Арэнда жылля абыходзіцца прыкладна ў 2 тысячы долараў за месяц. Я прадаў машыну і ўсё, што можна, але гэтых сродкаў недастаткова. Мы ўлезлі ў вялікія даўгі, бо неабходна аплачваць жыллё, ежу і базавыя выдаткі.
Фізічны стан Наталлі цяжкі. Пасля хіміятэрапіі ёй было вельмі дрэнна, і хоць цяпер яна крыху стабілізавалася, яна адчувае моцную стомленасць – шмат спіць, ёй цяжка хадзіць, яе ванітуе. Урачы не даюць прагнозаў. План лячэння ўключае тры-чатыры курсы хіміятэрапіі, пасля якіх будзе прынята рашэнне аб далейшых кроках.
Грошы патрэбны зараз, каб пакрыць выдаткі на абследаванне, пастаноўку дыягназу і першы курс хіміятэрапіі, а таксама мець магчымасць заставацца побач з жонкай у гэты перыяд і не застацца без сродкаў да існавання.
Сума збору
€6000
Гэтай сумай мы часткова закрыем выдаткі на першы курс хіміятэрапіі.
