Вітаю! Мяне завуць Дэвід Масціцкі, я з Пінска.
Я ўдзельнічаў у мірных пратэстах 9 жніўня 2020 года ў Пінску, і літаральна праз месяц быў затрыманы. Спачатку як сведка, а пазней як абвінавачаны па так званай «пінскай справе». Мяне прысудзілі да пяці з паловай гадоў калоніі. На той момант мне было 19 гадоў.
Я адсядзеў у турме 4 гады толькі за тое, што ўдарыў рукой па шчыце сілавіка. Кожны дзень усе гэтыя гады ў калоніі пасля пад’ёму я думаў, пасадзяць мяне ў ШІЗА сёння ці не, бо для гэтага асаблівай нагоды не было трэба. Адміністрацыя турмы магла прычапіцца да чаго заўгодна альбо знайсці нагоду, калі яе не было, каб выпісаць парушэнне рэжыму або непадпарадкаванне.
Нягледзячы на тое, што выйшаў я ў верасні 2024 году па памілаванні, назапашаныя «парушэнні» прывялі да таго, што вызвалены я быў з прэвентыўным наглядам*. І нават на волі праз гэты нагляд я і далей знаходзіўся пад узмоцненым псіхалагічным ціскам і татальным кантролем з боку міліцыі. Іх мэтай было зноў адправіць мяне ў калонію.
Таму я экстранна пакінуў РБ, дабіраўся да Польшчы з цяжкасцямі, да апошняга не верачы, што ўсё атрымаецца.
Цяпер маё жыццё выратаванае і я на доўгачаканай свабодзе. Засталася яшчэ адна задача – аднавіцца псіхалагічна і фізічна пасля доўгіх гадоў выпрабаванняў і адаптавацца ў новай краіне.
Чатыры гады калоніі адбіліся на маім здароўі не найлепшым чынам. Стаматалагічныя праблемы, якія не ўваходзяць у бясплатную медыцынскую страхоўку ў Польшчы, патрабуюць неадкладнага вырашэння. Падаўшы запыт на міжнародную абарону, я часова пазбаўлены магчымасці афіцыйна працаваць, а таму маіх падпрацовак пакуль не хапае на здароўе і аплату кватэры.
Бліжэйшая будучыня выклікае ў мяне пачуццё страху і бяссілля. Я стараюся захоўваць надзею і веру ў добрых людзей і таму звяртаюся да вас з просьбай падтрымаць мяне на першыя некалькі месяцаў.
Дзякуй вам за падтрымку, неабыякавасць і веру ў дабро!
* прэвентыўны нагляд – гэта мера кантролю, якая ўжываецца да людзей пасля іх вызвалення. Яна ўключае рэгулярную праверку з боку супрацоўнікаў міліцыі, забарону на ўдзел у пэўных мерапрыемствах, забарону на выезд з краіны і горада, абавязак паведамляць аб змене месца жыхарства і працы. Могуць быць накладзены дадатковыя абмежаванні.
Сума збору
€3000
€2200 – арэнда жылля на 3 месяцы (плюс задатак)
€500 – харчаванне, бытавыя рэчы, абутак па сезоне
€300 – аднаўленне зуба, які не падлягае страхоўцы