Дапамога сям'і былога палітвязня Дзяніса Іванова

  • Гісторыя

Мяне завуць Дзяніс Іваноў. Я актор і… былы палітвязень.

Летам 2020 года, як і многія, я быў ашаломлены тым беззаконнем, якое рабілася ў Беларусі. Таму я ўдзельнічаў у мірных мітынгах і быў валантэрам у лагеры каля Акрэсціна.

Праз гэта на мяне пісалі даносы. 24 кастрычніка 2020 года я быў затрыманы супрацоўнікамі ГУУБ МУС. Мяне дапыталі, а затым адправілі на Акрэсціна, дзе суддзя ў масцы (твару я не бачыў) дала мне 14 сутак па адміністрацыйным артыкуле 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў).

Апынуўшыся на «сутках» я канчаткова зразумеў, што краіна знаходзіцца ў руках узурпатара.

Але даносы на мяне не спыняліся.

У лютым 2021 года да нас дадому прыйшлі з ператрусам. А праз пару дзён мяне выклікалі ў РАУС, дзе зноўку затрымалі. На гэты раз мне прад'явілі крымінальны артыкул 368 ч1 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і зноў адвезлі на Акрэсціна.

Я выйшаў праз трое сутак пад падпіску аб нявыездзе і даручальніцтва сяброў.

24 сакавіка 2021 года па гэтай справе адбыўся суд, дзе мне прызначылі 2 гады “хіміі” (абмежаванне свабоды з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу). Апеляцыйны суд пакінуў прысуд без зменаў.

Пачаліся даносы на маю жонку. Там было напісана такое трызненне, што нават участковы не ведаў, як правільна на яго рэагаваць.

З 8 жніўня 2021 года па 29 ліпеня 2023 года я знаходзіўся ў ВУАТ (папраўчая ўстанова адкрытага тыпу) у Віцебску. Працаваў ладаўніком за 500 рублёў. Праз некалькі дзён пасля прыезду мне далі жоўтую бірку з надпісам «схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці». Кожную гадзіну з 10 раніцы да 8 вечара я павінен быў хадзіць на пастраенне. Калі быў на працы, дык трэба было высылаць трансляцыю з геалакацыяй. Акрамя таго, грамадзянскаму чалавеку, за якім я быў замацаваны на працы, тэлефанавалі кожную гадзіну і пыталіся, ці на месцы я.

Кожныя выходныя з намі праводзілі выхаваўчыя гутаркі. Чамусьці ў асноўным на тэму Другой сусьветнай вайны. Паказвалі фільмы пра Сталіна, выпушчаныя ў 1947-1949 гадах.

Аднойчы нас наведваў сьвятар. Я не трапіў на тую сустрэчу, але таварышы расказвалі, што ён хваліў расейскае войска і радаваўся вайне.

Некалькі разоў прыязджалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу. Звычайных зняволеных закрывалі ў актавай зале, а нас, палітычных, па адным вадзілі на допыт.

На адной з такіх размоваў нейкі палкоўнік аднойчы мяне спытаў, хто павінен быць прэзыдэнтам Беларусі. Я адказаў, што ёсць альтэрнатыўныя кандыдаты. Але калі яны не падыходзяць, дык можна зрабіць прэзідэнтам майго суразмоўцу. Горш усё роўна не будзе.
Палкоўнік усміхнуўся і скончыў размову.

Любы выхад ў горад для тых, хто знаходзіўся ў калоніі, трэба было ўзгадняць з адміністрацыяй. Палітычных самастойна ў горад не выпускалі — толькі ў суправаджэнні. Нават у краму ці ў паліклініку.

Пакуль я знаходзіўся ў калоніі, мае жонка і дзіця з'ехалі з Беларусі. Таму пасля вызвалення я таксама сабраў рэчы і з дапамогай BYSOL выехаў да сям'і.

Мы — творчая сям'я. Нашаму сыну 5 год.

Цяпер я шукаю працу. Хацелася бы ў той жа сферы, у якой я працаваў раней. Мы вучым мову. Здымаем жыллё. Мы хочам працаваць у праектах, якія расказваюць пра жыццё пра і дабро.

Але нам патрэбна ваша дапамога, каб ачуняць і пачаць жыць нанова ў новай краіне.

Сума збору:

€3500

Арэнда кватэры на некалькі месяцаў – €2000
Ноўтбук, які патрэбен для працы – €600
Тэлефон – €400
Бытавыя патрэбы (ежа, адзенне, прадметы для дома) – €500

:
€ 1 530
Збор завершаны. Сабрана: € 1 530