«Я сутыкнулася з псіхалагічным гвалтам, пагрозамі збіцця і страхам»

  • Гісторыя

Прывітанне! На сувязі каманда збораў BYSOL. І ў нас добрыя навіны!

Некалькі дзён таму наша эвакуацыйная каманда дапамагла выехаць Дануты Перадня – былой палітзняволенай, што стала сімвалам пераследу за антываенныя перакананні.

20-гадовую студэнтку факультэта раманска-германскай філалогіі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова затрымалі 27 лютага 2022 года. Прычынай стаў рэпост у мясцовым чаце, у якім рэзка крытыкаваліся дзеянні Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі за развязванне вайны ва Украіне. Таксама там быў заклік да вулічных пратэстаў і сцвярджэнне, што беларускае войска не мае перспектыў у выпадку яго непасрэднага ўдзелу ў вайне.

Дануту абвінавацілі па частцы 3 артыкула 361 КК РБ (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і частцы 1 артыкула 368 КК РБ (абраза прэзідэнта) і прысудзілі да 6,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Пазней справа была перагледжана Магілёўскім абласным судом, які пакінуў прысуд без зменаў.

Пасля арышту Дануту выключылі з універсітэта, а Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі ўнёс яе ў спіс «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». Яна правяла амаль год у следчым ізалятары, а затым адбывала пакаранне ў гомельскай папраўчай калоніі №4.

У канцы 2024 года Дануту Перадня «памілавалі», і яна выйшла на волю. Пра яе вызваленне стала вядома ў студзені 2025 года. А ў маі эвакуацыйная каманда BYSOL дапамагла дзяўчыне пераехаць у Польшчу.

Цяпер дзяўчына знаходзіцца ў бяспецы, аднак мае патрэбу ў падтрымцы.

Гісторыя Дануты Перадня прыцягнула ўвагу міжнародных праваабарончых арганізацый. Amnesty International заклікала да яе неадкладнага вызвалення, падкрэсліўшы, што яе асуджэнне з’яўляецца парушэннем права на свабоду выказвання меркаванняў.

Выпадак Дануты стаў сімвалам пераследу іншадумства ў Беларусі і нагадаў пра важнасць абароны правоў чалавека і свабоды слова ва ўмовах палітычных рэпрэсій.

Сума збору
€3000

€1500 – арэнда жытла і камунальныя выдаткі на першыя 3-4 месяцы;
€500 – адукацыя і інтэграцыя: курсы польскай мовы, афармленне адукацыйных дакументаў;
€600 – бытавыя патрэбы і харчаванне;
€200 – афармленне дакументаў і юрыдычная дапамога па легалізацыі;
€200 – транспарт і сувязь.

Сабрана:
€ 2 369 з 3 000