У беларуса ў эміграцыі адмовілі ныркі. Жонка вырашыла аддаць яму сваю. Сям'і патрэбныя грошы на лячэнне.

  • Гісторыя

Сяргей і Алена Хвасцёнак разам з дзвюма дачкамі пераехалі з Беларусі ў Польшчу па палітычных матывах 2,5 гады таму. У эміграцыі ў мужчыны нечакана моцна падняўся ціск, а лекары шакавалі сям'ю навіной – у Сяргея адмовілі ныркі. Каб выратаваць мужа, Алена вырашылася на адчайны крок – аддаць яму адну са сваіх.

Мы былі вымушаныя з'ехаць з роднага Полацка ў Гданьск, бо на радзіме майго мужа пераследавалі ўлады. Ён працаваў на «Нафтане» і больш за 10 гадоў быў сябрам апазыцыйнай арганізацыі «Рух за свабоду». Яго затрымлівалі тройчы. За налепку з гербам «Пагоня» ён адсядзеў 15 содняў. За рэпост навіны «Белсата» аб чэмпіянаце свету па хакеі 2014 года – 10. А за фота з БЧБ-сцягам – 25.

У лістападзе 2022 года да маці Сяргея, дзе ён прапісаны, прыйшлі з ператрусам сілавікі. Яна паспела папярэдзіць нас. Муж сабраўся за 10 хвілін і пакінуў краіну. Увечары сілавікі прыйшлі да нас, і я даведалася, што яго абвінавачваюць па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса, сярод якіх, у тым ліку, абраза ўлады, суддзі, паклёп і пагроза гвалтам супрацоўніку органаў унутраных справаў.

Праз паўгады мы з дзвюма дачкамі пераехалі ў Польшчу да мужа і ў эміграцыі пачалі жыццё нанова. Муж працаваў таксістам, я – бухгалтарам. Але бяда прыйшла адкуль не чакалі. У кастрычніку мінулага году Сяргей уладкоўваўся на новую працу і праходзіў медабследаванне. Лекар была ў шоку, убачыўшы паказчыкі яго ціску 250 на 160. «Я не разумею, як вы дайшлі сюды сваімі нагамі», – сказала яна і адправіла яго да сямейнага доктара. Той – у хуткую, а адтуль ужо яго шпіталізавалі. Высветлілася, што ў мужа фактычна не працуюць абедзве ныркі, праз што ён можа памерці, калі нічога не зрабіць.

Што я адчувала, даведаўшыся пра гэта, не перадаць словамі. У мяне быў шок, гістэрыка і слёзы. Але перад мужам і сям'ёй я не плачу. Заўсёды кажу: «Гэта часовыя цяжкасці, усё ў нас будзе добра».

Сяргею прапанавалі дыяліз. Але гэта інваліднасць і практычна мінімальныя шанцы знайсці працу: тры разы на тыдзень трэба па чатыры гадзіны сядзець у бальніцы. Ды і працягласць жыцця людзей на дыялізе адносна невысокая. А я хачу, каб мой муж жыў!

Паколькі ў нас аднолькавыя групы крыві, я вырашыла стаць донарам для Сяргея. Я здала неабходныя аналізы і тэсты. Атрымалася, мая нырка яму падыходзіць. У той час як я рабіла абследванні, мяне звольнілі з працы. Зараз я шукаю новую, але гэта пакуль не атрымліваецца. Таму ў дадзены момант мы жывем толькі на заробак мужа – ён падзарабляе таксістам у вольны ад наведвання бальніц час.

Урачы кантралююць яго стан, і аналізы паказваюць, што ён пакуль пагранічны і можна абыходзіцца без дыялізу (арганізм, які не быў на дыялізе, лепш прымае перасаджаны орган).

Наперадзе нас чакае аперацыя. Яе прызначылі на сакавік. Калі ўсё пройдзе паспяхова, то мая рэабілітацыя зойме месяц, мужа – тры. У гэты час мы не зможам працаваць. А трэба ж карміць дзяцей, аплачваць арэнду жылля і базавыя патрэбы.

І гэта не кажучы ўжо пра лекі. Ці выдадуць іх нам бясплатна ці давядзецца купляць самастойна, мы пакуль не ведаем. Як і пра іншыя медыцынскія выдаткі, на якія могуць спатрэбіцца сродкі.

Штомесячныя абавязковыя выдаткі нашай сям'і – арэнда жылля, харчаванне і базавыя патрэбы двух дзяцей – складаюць не менш за 7000 злотых у месяц (каля 1661 еўра). Нейкай фінансавай падушкі, каб перажыць гэты перыяд, у нас зараз няма. Больш за тое, у дадзены момант мы ўжо занялі грошай, каб аплаціць арэнду.

Але я веру, што неабыякавыя беларусы нам дапамогуць, што мы вылечымся і ўсё ў нас будзе добра.

Сума збору
€4800

€3400 – аплата кватэры і камуналкі на 3 месяцы
€1400 – прадукты на чацвярых і лекі для мужа і жонкі

Сабрана:
€ 50 з 4 800