Канстанцін* шмат гадоў адпрацаваў у нафтахімічнай галіне. Гэта была стабільная праца і прадказальная будучыня, якая скончылася пасля выбараў 2020 года. Цяпер мужчына не можа з'ехаць з Беларусі і не можа ўладкавацца на працу, бо калісьці не застаўся ў баку.
Калі пачаліся масавыя збіванні, затрыманні, катаванні, калі стала зразумела, што гэта адбываецца з падачы ўладаў, я не мог проста хадзіць на працу і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Уключыўся ў пратэстную працу на прадпрыемстве: увайшоў у стачкам, дапамагаў збіраць звароты і патрабаванні калег, удзельнічаў у працоўных акцыях. Разам мы выходзілі на пратэсты, я запісваў відэаролікі і адпраўляў у адзін з буйных тэлеграм-каналаў, які тады публікаваў матэрыялы з пратэстаў па ўсёй краіне.
«Мяне не арыштавалі, і гэта быў цуд».
Мы ўсе разумелі, што рызыкуем, асабліва калі сталі затрымліваць усіх, хто меў найменшае дачыненне да страйка і пратэстаў. Я пазбег затрыманняў, мяне цудам не арыштавалі. Дапрацаваў да заканчэння кантракта. Фармальна мне яго проста не працягнулі, фактычна – далі зразумець, што працаваць на сваім прадпрыемстве, ці ўладкавацца на іншае, па спецыяльнасці, у мяне не будзе магчымасці праз тое, што апынуўся «на алоўку».
Было некалькі месяцаў выпадковых падпрацовак і пошукаў: працаваў у таксі, пагаджаўся на часовыя варыянты. Спачатку грошай ледзь хапала, потым перастала хапаць, сталі збірацца даўгі, і я з'ехаў у Расію, каб зарабіць тамака. Знайсці працу па спецыяльнасці было нерэальна, браўся за ўсё, што ўдавалася знайсці. У асноўным гэта была будоўля. Умовы дрэнныя, праца цяжкая, эканоміў на ўсім, у тым ліку на ежы. Сябе не шкадаваў, таму што страціў надзею і думаў толькі аб тым, каб зарабіць і вярнуцца.
За некалькі гадоў на аб'ектах пачаліся праблемы са страўнікам і зубамі. Іх лячэнне было недаступным па кошце, і некалькі зубоў прыйшлося выдаліць замест таго, каб вылечыць.
«Вярнуўся, але працаваць усё роўна не даюць»
Улетку мінулага гады зноў вярнуўся ў Беларусь, і нібы не з'яжджаў. Пачаў шукаць працу, пагаджаўся на любыя варыянты, але атрымліваліся толькі часовыя прапановы. Стабільнага працаўладкавання так і не з’явілася. Аказалася, што «біяграфія» вісіць на мне да гэтага часу. Ніхто проста нічога не кажа. Проста не бяруць.
У выніку апынуўся там, адкуль пачаў – з даўгамі і падарваным здароўем. Без мінімальнай перадышкі і падтрымкі я проста не змагу выбрацца з гэтай сітуацыі. Мне зараз вельмі патрэбна кропка апоры. Я прыгадваю, якая салідарнасць была ў нас у дні пратэсту і вельмі спадзяюся, што зноў магу яе адчуць, каб устаць на ногі.
*Гэта ананімны збор. У мэтах бяспекі мы змянілі імя героя. Выява згенеравана пры дапамозе ШІ.
Сума збору
€1900
€500 – выдаткі на лячэнне і стаматалогію
€500 – вяртанне даўгоў
€900 – аплата жылля і бытавых выдаткаў, пакуль шукаю працу
