Міграцыйныя органы Германіі згубілі дакументы Арцёма, а затым, не звяртаючы ўвагі на яго праблемы са здароўем, выслалі ў Гішпанію паводле Дублінскага пагаднення. Перанёсшы інсульт, мужчына трэці год змагаецца з бюракратыяй, каб легалізавацца.
Мяне завуць Арцём Салаўёў, і ў мяне, здаецца, з’явіўся шанец на аднаўленне дакументаў і вяртанне да нармальнага жыцця.
Як і многім беларусам, мне давялося экстранна эміграваць па палітычных прычынах у 2024 годзе. Спачатку я апынуўся ў Германіі. Каля пяці месяцаў правёў у лагеры для бежанцаў у Нюрнбергу. У выніку міграцыйныя органы вырашылі вывезці мяне ў Гішпанію паводле Дублінскай працэдуры – праз шэнгенскую візу гэтай краіны ў маім пашпарце. За дзень да дэпартацыі ў мяне адбылося субарахнаідальнае кровазліццё ў мозг – інсульт. Мяне забрала хуткая, але ўлады Германіі вырашылі, што я сімулюю, каб пазбегнуць дэпартацыі.
Першыя двое сутак у Гішпаніі я правёў на вуліцы, пакуль атрымалася звярнуцца ў шпіталь. Пасля КТ мне зрабілі экстранную аперацыю. Пашанцавала, што я трапіў у праграму Чырвонага Крыжа і атрымаў часовы куток у прытулку.
Яшчэ ў Германіі я здаў свае дакументы ў міграцыйныя органы, але ведамства згубіла мой пашпарт і пасведчанне аб нараджэнні. З таго часу я не магу нармальна афармляць міграцыйныя працэдуры, свабодна перамяшчацца і даказваць сваю асобу ў інстанцыях, нібыта мяне няма.
Пасля інсульту засталіся сур’ёзныя праблемы: галаўныя болі, ціск, галавакружэнне, пагаршэнне памяці. Пры спякоце і змене надвор’я мне становіцца горш. Пра паўнавартасную рэабілітацыю без дакументаў няма і гаворкі, бо нельга аформіць нармальную медстрахоўку.
Амаль паўтара гады я прабыў у праграме Чырвонага Крыжа. Адной з абавязковых умоў было вывучэнне гішпанскай мовы, але пасля інсульту ў мяне пачаліся праблемы з памяццю і канцэнтрацыяй. У выніку мяне адлічылі з праграмы і перасталі плаціць дапамогу. Я апынуўся на вуліцы. На некаторы час мяне прытуліла дзяўчына, выдзяліла пакой, але гэта часовая дапамога. Я знайшоў нелегальную працу падсобнікам на будоўлі, каб хоць неяк пражыць.
Потым была іншая праца, але ўвесь час стан майго здароўя толькі пагаршаўся: пастаяннае галавакружэнне, ціск і галаўныя болі.
Зараз Гішпанія запусціла праграму легалізацыі для мігрантаў, яе часта называюць «амністыяй». Яна можа даць мне шанец атрымаць дазвол на жыхарства, нармальную страхоўку і магчымасць перамяшчацца ў межах ЕС. Верагодна, для мяне гэта адзіны шанец легалізавацца. Знайшоўся адвакат, гатовы дапамагчы, але толькі пачатковы этап — запыты па пошуку дакументаў, звароты ў Мадрыд і падрыхтоўка падачы па працэдуры легалізацыі — каштуе €1500.
Пазычыць такія грошы я не магу, а ўсё, што мне атрымліваецца зарабіць, ідзе аплату пакоя і ежу. Я вельмі стараюся не здавацца, але, паверце, пасля інсульту трымацца вельмі складана. Дапамажыце мне аплаціць паслугі адваката, каб я мог атрымаць шанец на абарону, аднаўленне і нармальнае жыццё.
Сума збору
€1500
Грошы патрэбныя на аплату паслуг адваката і юрыдычнае суправаджэнне, запыты і звароты па пошуку страчаных дакументаў, падрыхтоўку дакументаў для працэдуры легалізацыі ў Іспаніі.
