Экс-палітзняволены просіць дапамагчы пачаць новае жыццё ў Польшчы

  • Гісторыя

Артэма Караткевіча затрымалі ў 2023 годзе. Ужо калі ён быў за кратамі, чат у тэлеграме, які мадэраваў беларус, прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Мяне завуць Арцём Караткевіч, я былы палітзняволены. Да 2019 года я мала цікавіўся палітыкай. Адзіная думка, якая не давала спакою, – што пражыў усё жыццё пры адным прэзідэнце. Гэта не давала супакоіцца яшчэ да мірных акцый.

Улетку 2020-га, як і многія беларусы, я быў не згодны з вынікамі выбараў і ўдзельнічаў у пратэстах. Мне заўсёды хацелася зрабіць больш, бо беларусы заслугоўваюць перамен. Так я стаў адміністратарам у раённым чаце «97% Серабранка».

У сакавіку 2023-га мяне затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК са словамі: «За пратэсты ў 2020 годзе». А даведаўшыся, што я быў адміністратарам тэлеграм-канала, яны пачалі мяне катаваць, у тым ліку электрашокерам.

Спачатку былі суткі, пасля – абвінавачанне па «народнаму» артыкулу 342. Праз некалькі месяцаў пасля майго затрымання тэлеграм-чат прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». А мне прад’явілі абвінавачанне па ч. 1 арт. 361-1 КК РБ. У выніку асудзілі на чатыры гады, якія я адбываў у ПК-22. Умовы там былі жудасныя, вельмі моцна падарвалася здароўе. Праблемы з зубамі, са спінай, развітая экзэма.

У лістападзе 2024 года ў калонію прыязджалі супрацоўнікі ГУБАЗіК. У размове з некаторымі зняволенымі яны настойвалі на прашэнні аб памілаванні. Кагосьці ў выпадку адмовы палохалі новымі артыкуламі. Мне пагражалі ШІЗА, ПКТ і дабаўленнем тэрміну, а таксама праблемамі для маіх родных.

У студзені 2025 года я выйшаў на свабоду па памілаванні. Застацца ў Беларусі надоўга не змог: жыў у стрэсе з-за пастаянных прафілактычных лекцый, начных праверак. Таксама мне абмежавалі выезд з краіны і горада. Нібыта на волі, але на справе і не зусім. Было маральна складана знаходзіцца ў Мінску: у паветры адчувалася нянавісць і злосць усіх беларусаў, а іхныя ўсмешкі кудысьці зніклі…

Таму ў верасні я пакінуў краіну. Ужо праз тры дні быў у Варшаве, дзе ўпершыню за доўгі час адчуў сябе свабодным. Але не ўсё так проста: неабходна пачынаць жыццё нанова. Я падаў дакументы на атрыманне міжнароднай абароны, але пакуль не магу афіцыйна працаваць. Зберажэнні ўжо скончыліся, але трэба аплачваць арэнду, рахункі і купляць ежу і прадметы першай неабходнасці.

Да таго ж, я адзін у незнаёмай краіне, шмат чаго незразумела. Унутры сядзіць страх, што нешта можа не атрымацца. Мая гісторыя падобная да многіх іншых, але я стараюся рухацца наперад. І мне патрэбна дапамога для пачатку новага жыцця. Буду вельмі ўдзячны за падтрымку.

Сума збору:
€2300

€1300 – жытло на некалькі месяцаў і заклад
€550 – зімовае адзенне і прадметы першай неабходнасці
€450 – харчаванне, сувязь і праезд

Сабрана:
€ 0 з 2 300