Два гады калоніі за 200 сторыз у падтрымку Украіны. Ганне і яе брату патрэбна дапамога

  • Гісторыя

На сваіх старонках у сацсетках Ганна публікавала пасты ў падтрымку Украіны. Хлопец, якому яна адмовіла ў рамантычных адносінах, у запале сказаў, што напіша на яе заяву ў міліцыю. Праз паўгода да Ганны прыйшлі сілавікі…

Мяне завуць Ганна, я з Баранавічаў. Яшчэ зусім нядаўна ў мяне было звычайнае жыццё: універсітэт, вучоба на выкладчыцу англійскай мовы, планы на будучыню. Пасля пачатку вайны ва Украіне я пачала пісаць пра гэта ў сацсетках – выкладала сторыз, рэпосціла навіны, часам эмацыйна выказвалася. Проста таму, што не магла рабіць выгляд, нібыта нічога не адбываецца.

У нейкі момант я пазнаёмілася з хлопцам праз бот знаёмстваў у «ВКонтакте». Я адразу казала, што шукаю толькі сяброўскіх стасункаў, але ён вельмі хутка пачаў настойваць на адносінах. Я адмовіла, мы пасварыліся, і ён напісаў мне: «Я на цябе напішу заяву праз твае карцінкі». Я не надала гэтаму ўвагі. А праз паўгода да мяне прыйшлі сілавікі. Аказалася, нехта сапраўды напісаў на мяне заяву. Скласці два плюс два было не складана.

У ГАУС сілавікі паказалі скрыншоты маіх сторыз і пастоў, забралі тэлефон і адправілі мяне ў ІЧУ на 10 сутак. Я выйшла, але праз пэўны час мяне арыштавалі зноў – ужо па крымінальнай справе, у аснову якой леглі мае сторыз у сацыяльных сетках. Мне інкрымінавалі адразу некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
– арт. 130 (узбуджэнне сацыяльнай варожасці),
– арт. 368 (абраза прэзідэнта),
– арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь),
– арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў).

Усё гэта – мемы, рэпосты і пасты пра вайну. Адна з прэтэнзій тычылася сторыз, дзе я напісала, што з тэрыторыі Беларусі па Украіне ляцелі ракеты. На пасяджэнні суддзя заявіў, што гэта няпраўда, і прызнаў мяне вінаватай у дыскрэдытацыі нашай краіны.

Ужо потым, калі я сядзела ў калоніі, я ўбачыла інтэрв’ю Лукашэнкі амерыканскаму журналісту, дзе ён сам спакойна казаў пра ракеты з тэрыторыі Беларусі. У мяне тады быў проста шок. То бок мяне асудзілі за словы, якія потым фактычна пацвердзілі па тэлевізары.

Абразу прэзідэнта мне паставілі ў віну за мемы з Лукашэнкам, прычым даволі бяскрыўдныя. Следчы і сам не надта разумеў, дзе там абраза. Але суду гэта не перашкодзіла.

Дарэчы, пасяджэнне было закрытым, і родных туды не пусцілі. Атрымалася прыйсці толькі маме, ды і то як сведцы – проста пабачыць мяне. Ад дачы паказанняў яна адмовілася.

Ведаеце, я да апошняга не верыла, што патраплю ў калонію. Вельмі разлічвала на «хатнюю хімію». Але прысуд аказаўся іншым: два гады калоніі.

У снежні 2025 года, за два дні да дня народзінаў, мяне вывезлі з калоніі, а потым і з краіны. Так я апынулася ва Украіне, а пазней – у Літве. Без адукацыі, без дому і без падтрымкі.

Але нават пасля ад’езду ўсё не скончылася. Пасля інтэрв’ю праваабаронцам на мяне ў Беларусі завялі новую крымінальную справу – ужо за «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4).

Зараз я жыву ў Вільні разам з 19-гадовым братам, якому таксама прыйшлося з’ехаць з Беларусі пасля пагроз з боку сілавікоў. Але ён чакае дакументы і пакуль не можа працаваць.

Мы фактычна пачынаем жыццё з нуля. Я скончыла курсы манікюру і спрабую знайсці працу. Пакуль усе выдаткі на нас дваіх ляжаць на мне. Але самастойна мы не справімся, і нам патрэбна дапамога з аплатай жылля і ежы, а мне для працы трэба набыць матэрыялы. Таму я звяртаюся па падтрымку.

Сума збору
€3000

€1500 – арэнда жылля на некалькі месяцаў
€500 – ежа і адзенне
€500 – бытавыя выдаткі
€500 – матэрыялы і абсталяванне для працы майстрам манікюру

Сабрана:
€ 589 з 3 000