Ганне 50 гадоў. Яна была дацэнтам, кіравала кафедрай ва ўніверсітэце і займалася праектамі, якія павінны былі зрабіць беларускія гарады лепшымі. Но ў 2023 годзе яе затрымалі, калі Ганна прыехала дадому праведаць маму.
Сёння Ганна зноў жыве ў Польшчы. У яе атрымалася вярнуцца ў прафесію і зараз яна працуе эколагам, але прызнаецца: пасля турмы прыйшлося нанова вучыцца жыць.
«Прыйшлося прызнаць, што турма падзяліла ўсё на «да» і «пасля». Я забараніла сабе думаць пра тое, якім магло б быць маё жыццё, калі б усяго гэтага не здарылася. Першыя месяцы пасля вызвалення былі самымі цяжкімі. Быў такі перыяд, які я называю проста: «я ляжала». Мне было вельмі цяжка знайсці прычыну, каб устаць з ложка, выйсці на вуліцу, прыгатаваць сабе ежу. Здавалася, што сіл не засталося наогул».
Паступова Ганна пачала аднаўляцца. Дапамаглі дачка, псіхатэрапія і адчуванне, што жыццё ўсё ж такі працягваецца. Але амаль усё прыходзілася пачынаць з нуля: шукаць жыллё, афармляць дакументы, вучыць мову і нанова шукаць працу.
«Пошук працы аказаўся вельмі доўгім і балючым. Асабліва пасля турмы, калі кожную новую паразу перажываеш значна вастрэй. Бывалі сітуацыі, калі разумела: справа не ў маіх ведах. Проста я – імігрантка. Але мне вельмі хацелася вярнуцца менавіта ў прафесію. У нейкі момант я зноў адчула жаданне даследаваць, пісаць, займацца экалогіяй. Тады я зразумела, што вяртаюся да сябе».
Сёння Ганна працуе ў польскай кампаніі, якая дапамагае бізнесу выконваць еўрапейскія экалагічныя патрабаванні. Яна кажа, што ўпершыню за доўгі час зноў пачала будаваць планы на будучыню.
«Я зноў шмат смяюся і жартую. Для мяне гэта галоўны паказчык таго, што жыццё вяртаецца. А свабода… Яна пахне квітнеючай ліпай. І на смак яна як піца, якую мы з дачкой елі ў Варшаве пасля майго вызвалення. Тады я ўпершыню адчула, што можна проста сядзець побач з блізкім чалавекам і не баяцца, што хтосьці зараз усё гэта адбярэ».
Ганна ўжо змагла пачаць новае жыццё, але ёй яшчэ належыць канчаткова замацавацца ў новай краіне. Падтрымка дапаможа ёй захаваць жыллё, працягнуць прафесійнае развіццё, удасканальваць мову і спакойна прайсці той этап адаптацыі, які для былых палітзняволеных часта аказваецца не менш цяжкім, чым сама воля.
Сума збору
€2700
€1100 – арэнда жылля на перыяд адаптацыі і пошуку стабільнай працы
€800 – прафесійнае навучанне і развіццё, неабходныя для далейшай працы эколагам у Польшчы
€400 – заняткі польскай мовай і пацвярджэнне прафесійных кампетэнцый
€400 – псіхалагічная дапамога і аднаўленне пасля зняволення
