Алесь і Таццяна разам 25 гадоў. Іх затрымалі ў адзін дзень, і больш за чатыры гады яны не бачылі адно аднаго, але так і не перасталі кахаць. Цяпер сям'я нарэшце разам у Варшаве і пачынае жыццё з нуля.
Мяне клічуць Алесь Біруля, маю жонку – Таццяна. Мы з Салігорска, разам ужо 25 гадоў, выхавалі дваіх дзяцей. Мы былыя палітзняволеныя. Пасля больш як чатырох гадоў разлукі мы нарэшце зноў разам у Варшаве і спрабуем пачаць жыццё нанова.
Я атрымаў карту побыту, пачаў праграму інтэграцыі і шукаю працу. Таццяна і наша дачка, якая таксама прыехала да нас, чакаюць рашэння па справе аб міжнароднай абароне, таму пакуль не могуць працаваць. А плаціць за жыллё, купляць ежу і аплачваць самае неабходнае трэба ўжо цяпер.
Да 2020 года мы жылі звычайным жыццём: я амаль усё жыццё працаваў на будоўлі, апошнія гады – на сябе, на рынку, Таццяна родам з вёскі, і палітыка была недзе далёка ад нас. Але пасля выбараў мы ўжо не змаглі заставацца ўбаку: выходзілі на маршы, распаўсюджвалі пратэстныя газеты і ўлёткі, пакідалі надпісы. У снежні 2021 года нас затрымалі ў адзін дзень і далі кожнаму па шэсць гадоў калоніі. Потым ціск перакінуўся на дзяцей: дачку амаль суткі трымалі ў РАУС і пагражалі пасадзіць, як бацькоў, а непаўнагадовага сына дзяржава прызнала сіратой, хоць мы абодва былі жывыя.
Больш за чатыры гады мы з Таццянай не бачылі адно аднаго. У СІЗА мы пакідалі надпісы на сценах прагулачнага дворыка і па гэтых некалькіх словах разумелі: другі жывы, трымаецца, не здаецца. У калоніі Таццяна перажыла заражэнне крыві, а я страціў бацьку, маці і брата, і развітацца з імі мне не далі.
Таццяна выйшла на волю ў верасні 2024 года, мяне ў снежні 2025-га дэпартавалі ва Ўкраіну. І толькі вясной 2026-га мы нарэшце сустрэліся ў Варшаве. Мы зноў стаялі побач і, нягледзячы ні на што, па-ранейшаму кахалі адно аднаго.
Дом, магілы родных і большая частка жыцця засталіся ў Беларусі. Мы прывыклі спраўляцца самі, але сёння вымушаныя папрасіць аб падтрымцы. Яна дапаможа нам захаваць дах над галавой, пакуль мы вырашаем пытанні з працай і дакументамі.
Калі вы можаце дапамагчы, будзем шчыра ўдзячныя за кожны еўра. Калі не, падзяліцеся нашай гісторыяй: магчыма, яе ўбачыць той, хто можа падтрымаць.
Жыве Беларусь!
Сума збора
€4000
€2500 – арэнда жылля на 4 месяцы
€1500 – прадукты, транспарт і іншыя неабходныя штодзённыя выдаткі
