Аляксей Філімонаў апынуўся ў эміграцыі, як і многія, праз сваю грамадзянскую пазіцыю. У 2020 годзе ён працаваў на Мінскім трактарным заводзе, удзельнічаў у стачках і мірных пратэстных акцыях. За гэта трапіў на «суткі». У 2021 годзе разам з сям’ёй з’ехаў у Польшчу, асцерагаючыся крымінальнага пераследу.
– Ніколі не думаў, што давядзецца прасіць аб дапамозе публічна, але цяпер наша сям’я (я, жонка і трое дзяцей) апынулася ў вельмі цяжкім становішчы ў эміграцыі.
Я працую электрыкам, бяру аб’екты ў сферы электрамантажу і будаўніцтва. Але праца ёсць не заўсёды: бываюць месяцы, калі заказаў хапае, а бываюць перыяды, калі іх вельмі мала. Апошнім часам заказаў няшмат, і даходаў ужо недастаткова.
У нас трое дзяцей – 14, 12 і 6 гадоў. Асноўныя выдаткі звязаныя менавіта з сям’ёй: жыллё, харчаванне, адзенне, школа і паўсядзённыя патрэбы дзяцей.
Мы стараемся спраўляцца сваімі сіламі і не прасіць дапамогі, але апошнім часам рабіць гэта становіцца ўсё цяжэй.
Сітуацыя асабліва пагоршылася пасля таго, як вырасла плата за арэнду кватэры. Значная частка заробку ідзе на аплату жылля і іншыя абавязковыя выдаткі, праз што нам усё складаней падтрымліваць нармальны ўзровень жыцця і забяспечваць усе патрэбы дзяцей.
Тым больш, што не ўсім у нашай сям’і эміграцыя далася лёгка. Асабліва цяжка сярэдняму сыну, якому зараз 12 гадоў. Яму складана адаптавацца да жыцця ў іншай краіне, праз што пачаліся праблемы з вучобай. Мы перажываем за яго і стараемся падтрымліваць, але змена краіны, звыклага асяроддзя і ўсяго ранейшага жыцця вельмі моцна на ім адбіліся.
Жонка таксама ў цяжкім псіхалагічным стане. Мы стараемся трымацца, шукаць працу і не апускаць рук, але цяпер настаў момант, калі без старонняй дапамогі нам проста не выцягнуць. Усё навалілася адначасова: і стан блізкіх, і адсутнасць заказаў, і павышэнне арэнды.
Практычна ўсе нашы ашчаджэнні ўжо скончыліся. Я працягваю працаваць, шукаць новыя аб’екты і магчымасці заробку, але зараз гэтага недастаткова, каб цалкам закрываць усе выдаткі сям’і. Нягледзячы на гэта, я не апускаю рук – але без падтрымкі справіцца вельмі складана. Таму я звяртаюся па дапамогу.
Зараз наша галоўная задача – захаваць жыллё і стабілізаваць сітуацыю, пакуль я шукаю пастаянную працу і спрабую вывесці сям’ю з цяжкага становішча. Я не хачу выклікаць жаль ці ціснуць на эмоцыі. Проста прашу падтрымкі ў тых, хто мае магчымасць дапамагчы нашай сям’і перажыць гэты перыяд.
Дзякуй кожнаму, хто не прайшоў міма.
Сума збору
€3000
€1500 – запазычанасць за кватэру і арэнда на наступны месяц
€1500 – прадукты, адзенне і неабходныя рэчы для траіх дзяцей
