На выбарах я вырашыла стаць незалежнай назіральніцай. Мяне ўразіла колькасць парушэнняў і велізарная колькасць беларусаў, якія прыйшлі галасаваць з белымі бранзалетамі. І была гэтак жа, як і мільёны беларусаў, абураная так званымі афіцыйнымі вынікамі выбараў! А далей – гвалт на вуліцах, у сценах Акрэсціна і іншых РАУС. Для мяне гэта было проста невыносна!
Я не магла маўчаць і адседжвацца ўбаку. Стала ўдзельнічаць у маршах, развозіла незалежныя газеты, дапамагала людзям. Напэўна, міліцыя сачыла за актывістамі і назіральнікамі, бо неўзабаве мяне затрымалі па «адміністратыўцы». Першы раз справа скончылася штрафам. А вось другое затрыманне перарасло ў крымінальную справу.
У лістападзе 2020 года ДАІ спыніла маю машыну. У ёй ляжала 800 асобнікаў незарэгістраванай газеты «Магілёўскія весці». На наступны дзень мяне арыштавалі, а дома прайшоў вобшук.
У выніку мне прад’явілі абвінавачанне па ч. 2 арт. 339 (хуліганства) і па арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Мяне і яшчэ двух чалавек абвінавацілі ў тым, што мы вырабілі «шэсць роставых лялек з цынічнымі надпісамі і выявамі вышэйшых службовых асоб…, сфатаграфавалі іх і распаўсюдзілі здымкі ў сетцы».
19 красавіка 2021 года мяне прысудзілі да трох з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму. Нікому не пажадаю апынуцца ў такім месцы. Гэта астраўкі татальнай несвабоды ў ужо несвабоднай дзяржаве. За тры з паловай гады было ўсякае: ціск адміністрацыі, пазбаўленне спатканняў і іншага мінімуму, які належыць у калоніі, і, як вішанька на торце – двойчы трапляла ў ШІЗА па пяць сутак. На шчасце, мне ўдалося захаваць прысутнасць духу, нягледзячы на абставіны. У выніку я адбыла ўвесь тэрмін і 2 лютага 2024 года выйшла з калоніі.
Пасля вызвалення я спрабавала жыць у Беларусі, але праз некаторы час зразумела, што не жыву, а існую, таму што выйшла я не на свабоду, а ў іншую турму, толькі крыху больш памерам. Рашэнне аб ад’ездзе далося мне цяжка, але я разумела, што калі застануся, то проста захварэю і памру.
У выніку я з’ехала з Беларусі ў Польшчу, знаходжуся тут два месяцы, жыву ў шелтары і літаральна пачынаю новае жыццё ў эміграцыі. Я з’язджала без падушкі бяспекі, бо яшчэ ў 2020 годзе на маё ІП быў накладзены вялікі штраф, а астатнія назапашаныя сродкі пайшлі на адваката і маіх дзяцей. З-за таго, што я падала дакументы на атрыманне міжнароднай абароны, не магу працаваць і чакаю рашэння.
Зараз я звяртаюся да ўсіх неабыякавых людзей з просьбай аб дапамозе, каб, не маючы магчымасці працаваць, пратрымацца першы час, адаптавацца і прыйсці ў сябе.
Дваццацаты год паказаў, што мы ёсць адно ў аднаго, а мая вера ў нашых людзей ні на секундочку не згасала нават у калоніі. Вельмі спадзяюся, што з вашай дапамогай я змагу аднавіцца і потым сама ўжо змагу дапамагаць людзям, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі. Дзякуй вам, мае дарагія! Вы – найлепшыя ў свеце!
Сума збору:
€2500
€1500 – арэнда жылля
€500 – купля адзення, абутку і рэчаў першай неабходнасці
€300 – афармленне дакументаў
€200 – мабільная сувязь і праезд