«З панядзелка па пятніцу, кожны дзень з 8:30 да 15:00 праца са спецыялістам». Беларускаму акцёру патрэбная падтрымка

  • Гісторыя

Вы напэўна памятаеце эмацыйны відэазварот акцёра Мікалая Стонькі «Я выходжу» ў лістападзе 2020 года, які ён запісаў пасля забойства Рамана Бандарэнкі. Праз гады беларус апынуўся ў цяжкім становішчы праз дэпрэсію і псіхалагічныя праблемы. Пакуль ідзе тэрапія, мужчыне патрэбная падтрымка.

Мяне завуць Мікалай Стонька, восем гадоў я іграў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. У лістападзе 2020 года, пасля забойства Рамана Бандарэнкі і рэпрэсій супраць калег, я запісаў відэазварот «Я выходжу», у якім патлумачыў, чаму больш не магу працягваць працаваць у тэатры, і звольніўся.

15 снежня 2020 года я з’ехаў з Беларусі. Прыкладна праз два тыдні пасля майго ад’езду да маёй мамы прыехалі супрацоўнікі КДБ. Яны пыталіся, дзе я знаходжуся і чаму з’ехаў. Пасля гэтага я канчаткова зразумеў, што мяне шукаюць, а вяртанне ў Беларусь – гэта страта свабоды.

З таго часу прайшло ўжо пяць гадоў. У Польшчы я спрабаваў будаваць жыццё наноў і заставацца ў прафесіі. У Варшаве далучыўся да «Купалаўцаў», іграў у незалежных тэатральных праектах, спрабаваў сябе ў камерцыйных праектах. Паралельна працаваў барыстам, каб забяспечваць сябе і працягваць развівацца ў акцёрскай сферы. Усе гэтыя гады стараўся спраўляцца сам і не звяртацца па дапамогу.

Ужо каля двух гадоў я знаходжуся ў стане глыбокай дэпрэсіі. Прымаю антыдэпрэсанты, але, на жаль, гэтага недастаткова, каб справіцца з цяперашнім станам. Мне складана выконваць нават базавыя штодзённыя задачы, не кажучы ўжо пра паўнавартасную працу і нармальнае жыццё.

Я прыняў рашэнне звярнуцца да спецыяліста і пачаць інтэнсіўную тэрапію, таму што зразумеў – сам больш не спраўляюся. Цяпер праходжу двухмесячны курс: з панядзелка па пятніцу, кожны дзень з 8:30 да 15:00 праца са спецыялістам. Гэта важны крок для майго аднаўлення, але ён амаль цалкам пазбаўляе мяне магчымасці зарабляць.

Пакуль у мяне няма ні фізічных, ні эмацыйных сіл працаваць нават па вечарах ці ў выходныя. Я разумею, што тэарэтычна гэта магчыма, але на практыцы ўжо не спраўляюся. З’явіліся даўгі, і я баюся апынуцца на вуліцы, таму што ўжо ў наступным месяцы ў мяне не будзе грошай ні на арэнду жылля, ні на ежу.

Я звяртаўся па дапамогу ў сацыяльныя службы ў Польшчы, але магу разлічваць прыкладна на 800 злотых на два месяцы. Гэтай сумы недастаткова нават для самых базавых патрэб.

Ваша падтрымка дапаможа мне перажыць гэты крытычны перыяд: аплаціць жыллё, ежу і бытавыя выдаткі, пакуль я праходжу тэрапію. У мяне ёсць шанец засяродзіцца на лячэнні, аднавіцца, вярнуцца да працы і зноў пачаць жыць нармальным жыццём. Пяць гадоў стараўся спраўляцца сам і не прасіць дапамогі, але цяпер я ў ўразлівым становішчы і разумею, што без падтрымкі не справлюся. Любы ўнёсак дапаможа мне не апынуцца на вуліцы і прайсці гэты шлях да канца.

Сума збору:
€1950

€1200 – аплата арэнды жылля
€750 – ежа і бытавыя выдаткі

Сабрана:
€ 0 з 1 950