
Агульны збор
BYSOL падтрымлівае вызваленых палітвязняў і іх сем'і, людзей, вымушаных пакінуць краіну, беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, а таксама ініцыятывы, якія дапамагаюць беларусам змагацца з беззаконнем у краіне.

Арганізацыі BYSOL PL FOUNDATION (Польшча) і BYSOL USA International Foundation (ЗША), зарэгістраваныя раней у мэтах стратэгічнага развіцця і ўстойлівасці BYSOL, на дадзены момант не знаходзяцца пад кантролем каманды Фонда. Яны не былі перададзеныя камандзе і працягваюць кантралявацца былым устаноўцам А. Стрыжаком.
Пасля крызісу, звязанага з фактамі сексуалізаванага харасменту з боку А. Стрыжака, і наступнага абмеркавання ўнутры арганізацыі было выпрацаванае прынцыповае рашэнне аб перадачы А. Стрыжаком устаноўчых функцый ва ўсіх трох юрыдычных асобах BYSOL — у Літве, Польшчы і ЗША. Гэтыя дамоўленасці былі агучаныя камандзе, апублікаваныя, а таксама замацаваныя ў рашэннях Дырэктарату і Заснавальніка.
А. Стрыжак пакінуў каманду BYSOL. Пасля гэтага быў завершаны працэс перадачы устаноўчых функцый літоўскай юрыдычнай асобе.
Аднак у далейшым, насуперак дасягнутым дамоўленасцям і прынятым рашэнням Дырэктарата і Устаноўцы Фонда BYSOL (на той момант — А. Стрыжака), ён адмовіўся перадаць кантроль над юрыдычнымі асобамі BYSOL у Польшчы і ЗША камандзе Фонда. Сваю адмову ён матываваў намерам распачаць уласную дзейнасць і перайменаваць гэтыя арганізацыі, спасылаючыся на тое, што «змяніў сваё рашэнне» і не мае сродкаў для рэгістрацыі новых юрыдычных асоб.
Мы прапанавалі А. Стрыжаку кампенсаваць выдаткі на рэгістрацыю яго новай юрыдычнай асобы ў Польшчы, аднак ён адмовіўся і заявіў, што запусціў працэс перайменавання дзейснай польскай арганізацыі.
Нам важна падкрэсліць, што юрыдычныя асобы BYSOL у Польшчы і ЗША ствараліся як частка стратэгічнага развіцця арганізацыі і павышэння яе ўстойлівасці і эфектыўнасці. Магчымасць весці дзейнасць у гэтых юрысдыкцыях застаецца для нас прынцыпова важнай. Сёння менавіта Польшча ўсё часцей становіцца другім домам для былых палітвязняў, а наяўнасць арганізацыі ў польскай юрысдыкцыі істотна спрашчае аказанне наўпроставай дапамогі бенефіцыярам — як з юрыдычнага, так і з фінансавага пунктаў гледжання. Акрамя таго, у гэтым годзе польскай арганізацыі спаўняецца два гады, што адкрывае для нас магчымасць удзелу ў механізме фандрайзінгу 1,5% ад падатку беларусаў Польшчы.
Адмову А. Стрыжака перадаць кіраванне польскай і амерыканскай юрыдычнымі асобамі мы расцэньваем як грубае парушэнне дасягнутых дамоўленасцяў.
Падкрэсліваем, што юрыдычныя асобы BYSOL у ЗША і Польшчы не з’яўляюцца прыватнай уласнасцю А. Стрыжака. Яны ствараліся і развіваліся намаганнямі каманды, партнёраў і донараў, а пакрыццё фінансавых выдаткаў ажыццяўлялася за кошт зарэгістраванай у Літве юрыдычнай асобы BYSOL.
Фонд BYSOL працягвае працу ў межах літоўскай юрыдычнай асобы. Дзеянні А. Стрыжака ў дачыненні да польскай і амерыканскай юрыдычных асоб стварылі дадатковыя арганізацыйныя складанасці, але не паўплывалі на штодзённую працу і дапамогу людзям. Усе праграмы і напрамкі Фонда працягваюць дзейнічаць, як і раней.
Каманда BYSOL